Шры-Ланка атрымае новага прэзідэнта на наступным тыдні

Парламент Шры-Ланкі абярэ новага прэзідэнта 20 ліпеня, заявіў яго спікер у панядзелак — пасля таго, як пратэстоўцы ўзялі штурмам рэзідэнцыі дзеючага прэзідэнта і прэм'ер-міністра.

Шрыланкійскія пратэстоўцы ў басейне прэзідэнта краіны. Фота: «Reuters»

Шрыланкійскія пратэстоўцы ў басейне прэзідэнта краіны. Фота: «Reuters»


Прэзідэнт Шры-Ланкі Гатабая Раджапакса збіраецца сысці ў адстаўку ў сераду. Яго браты і пляменнік раней сышлі з пасады міністраў, калі ў краіне пачалі заканчвацца паліва, харчаванне і іншыя прадметы першай неабходнасці ва ўмовах найгоршага крызісу з моманту здабыцця незалежнасці ад Вялікабрытаніі ў 1948 годзе.
Парламент зноў збярэцца ў пятніцу і прагаласуе за абранне новага прэзідэнта праз пяць дзён, гаворыцца ў заяве спікера Махінды Япы Абейвардэны.
«Падчас праведзенай сёння сустрэчы лідараў партый было вырашана, што гэта неабходна для забеспячэння стварэння новага агульнапартыйнага ўрада ў адпаведнасці з Канстытуцыяй», — гаворыцца ў заяве. Адзначаецца, што прэм'ер-міністр разам з кабмінам дзеля гэтага гатовыя сысці ў адстаўку.
Лідары пратэстнага руху заявілі, што натоўп людзей будзе займаць рэзідэнцыі прэзідэнта і прэм'ер-міністра ў Каломба да таго часу, пакуль яны канчаткова не пакінуць свае пасады.
«Мы нікуды не сыдзем, пакуль гэты прэзідэнт не сыдзе і ў нас не будзе ўрада, прымальнага для народа», — заяўляюць пратэстоўцы.
Паліцыя заявіла, што яны атрымалі 17,8 мільёна рупій (каля 50 000 долараў), знойдзеных групай пратэстоўцаў у рэзідэнцыі прэзідэнта ў суботу. Відэа, на якім маладыя людзі адлічваюць наяўныя, стала вірусным у сацыяльных сетках.