Таямнічая смерць актывіста: няшчасны выпадак ці расправа рэжыма?

Лічыцца, што аперацыі супраць эмігрантаў-апазіцыянераў — гэта фірмовая фішка Лубянкі. Расійскія спецслужбы падазраюць у датычнасці да цэлага шэрагу смерцяў і забойстваў вядомых крытыкаў Пуціна. Акрамя ГРУ і ФСБ, на гэтай глебе, як лічаць некаторыя, у свой час засвяціўся казахстанскі Камітэт нацыянальнай бяспекі (КНБ).

Ілюстрацыя meydan.tv

Ілюстрацыя meydan.tv

Прынамсі, гэтаму ведамству прыпісвалі ў 2015-м смерць Рахата Аліева — бізнесоўца, мужа дачкі Назарбаева, які пасварыўся з цесцем і збег у Аўстрыю ў статусе вядучага апазіцыянера краіны. У Вене праз нейкі час яго знайшлі павешаным у турэмнай камеры. Раней Аліеў неаднаразова скардзіўся, што ў Аўстрыі за ім сочаць цывільныя, вонкава падобныя да агентаў КНБ.
І вось цяпер, паводле азербайджанскіх незалежных медыя, ліквідацыяй ворагаў за кардонам заняўся Баку. Падставай для такога кшталту версій стала трагедыя Байрама Мамедава.
Мамедаў у маладосці сімпатызаваў анархістам, стаў вядомы ў Азербайджане пасля таго, як 24 траўня 2016 года — у дзень нараджэння Ільхама Аліева — разам з сябрам Гіясам Ібрагімавым размаляваў помнік нябожчыку, экс-прэзідэнту Гейдару Аліеву, бацьку цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Актывісты напісалі на мануменце «Далоў сістэму!» па-англійску і «Віншуем з Днём раба!» на азербайджанскай мове. Пасля яны сфатаграфавалі свае творы, выклалі адпаведныя здымкі ў сацыяльныя сеткі. Праз некалькі гадзін іх затрымалі і абвінавацілі ў захоўванні наркотыкаў у буйным памеры.
Пры гэтым паліцэйскія яўна перастараліся наконт наяўнасці доказаў. Як адзначаў на судзе абаронца Мамедава і Ібрагімава, кілаграмы гераіну, якія знайшлі ў яго кліентаў, каштуюць вельмі дорага, прыкладна дзесяць тысяч долараў. «Адкуль у студэнтаў з простых сем’яў, што ледзь зводзяць канцы з канцамі, такія грошы? Ці сталі б гандляры наркотыкамі падвяргаць сябе рызыцы і рабіць графіці на помніку? Гэтая крымінальная справа — абсалютная хлусня», — даводзіў адвакат на працэсе.
Зрэшты, пратэсты адваката і праваабаронцаў засталіся не пачутымі. Таксама як заявы падсудных, што іх прымусілі прызнацца ў здзяйсненні злачынства катаваннямі. Паводле вердыкту азербайджанскай Феміды, кожны з хлопцаў атрымаў па дзесяць гадоў пазбаўлення волі. У дадатак іх прымусілі публічна папрасіць прабачэння ў помніка Аліеву.
Аднак, дзякуючы міжнароднай кампаніі, турэмны тэрмін скарацілі. У сакавіку 2019 года Мамедаў і Ібрагімаў былі памілаваныя. А ў студзені 2020 года Еўрапейскі суд па правах чалавека, разгледзеўшы іх скаргі на катаванні і парушэнне свабоды слова прысудзіў ім па 36 тысяч еўра кампенсацыі.
Пасля гэтага імя Мамедава вярнулася ў інфармацыйныя стужкі толькі ў траўні гэтага года. На жаль, з трагічнай нагоды. Са Стамбулу прыйшло паведамленне, што 5 траўня той быў знойдзены мёртвым на беразе праліва Басфор у Стамбуле.
Турэцкая паліцыя і азербайджанскія СМІ спачатку загаварылі пра самагубства, аднак хутка гэтую версію давялося адкінуць. Справа ў тым, што раней хлопец атрымаў стыпендыю на навучанне ў Лондане, і павінен быў пераехаць туды з верасня гэтага года. Наўрад ці чалавек, перад якім адкрываюцца такія гарызонты, будзе накладаць на сябе рукі. Пра аптымістычны настрой Мамедава кажуць і тыя, хто бачыў яго напярэдадні трагедыі.
Пазней паліцыя прапанавала новую версію: няшчасны выпадак. Было заяўлена, што Мамедаў скокнуў у ваду, каб выцягнуць свой абутак, і выніку пайшоў на дно, паколькі не ўмеў плаваць. Аднак у гэтай тэорыі таксама мноства супярэчнасцяў. Найперш, як кажуць родныя і сябры Байрама, той на самай справе някепска плаваў.
Але нават калі б Байрам меў праблемы, трапіўшы ў ваду, то на дапамогу павінна была прыйсці паліцыя або берагавая ахова. Паколькі ў Турцыі дзейнічаюць дастаткова жорсткія каранцінныя абмежаванні, людзей на беразе было вельмі мала, і не заўважыць чалавека, які скокнуў у мора, было практычна немагчыма. Паліцыя і берагавая ахова на падобныя аргументы рэагуюць вельмі дзіўна. Ахоўнікі кажуць, што не дапамаглі хлопцу праз тое, што, паводле дзіўнага супадзення, ніхто з тых, хто быў на змене, плаваць не умеў. Паліцыя ў сваю чаргу ўпарта адмаўляецца публікаваць відэазапісы з камер назірання на шляху ад дома Мамедава да таго месца, дзе яго бачылі ў апошні раз. Усё гэта дазваляе падазраваць, што сілавікі нешта хаваюць.
Паводзіны туркаў схіляюць да думкі, што Анкара таксама неяк спрычынілася да гэтай справы. Гэта не дзіўна, паколькі Азербайджан за часамі Аліева і эрдаганаўская Турцыя супрацоўнічаюць у шматлікіх сферах, у тым ліку ў галіне бяспекі. Узгадваюць, што, калі Мамедаў толькі заехаў у Турцыю, яго ў аэрапорце без усялякай прычыны дапыталі турэцкія спецслужбы наконт яго палітычнай дзейнасці. Па не менш дзіўнаму супадзенню, праз дзесяць дзён пасля смерці Мамедава яго сябар Ібрагімаў быў дэпартаваны з Турцыі без тлумачэння прычын. Яму таксама на год забаранілі паўторны ўезд.
Так ці інакш, цяпер галоўная задача — не даць паліцэйскім чыноўнікам закрыць справу. Таму па ўсёй Еўропе азербайджанскія дысідэнты пікетуюць розныя дыпламатычныя ўстановы, заклікаючы ўрады Еўрасаюза не заставацца статыстамі ў гісторыі з Мамедавым. Акрамя таго, азербайджанцам дапамагае дэпутацкая фракцыя ад апазіцыйнай левай Дэмакратычнай народнай партыі (HDP) у турэцкім парламенце. Яе чальцы зрабілі дэпутацкі запыт з патрабаваннем апублікаваць справаздачу наконт медычнай экспертызы смерці Мамедава.
Адным словам, шанец выявіць кілераў па гарачых слядах яшчэ існуе.