Турцыя. «Цюркабачанне» замест «Еўрабачання»
Турцыя заявіла не толькі пра сваю адмову ўдзельнічаць у конкурсе «Еўрабачанне», аднак і пра стварэнне альтэрнатывы гэтаму вядомаму еўрапейскаму шоў.
Турэцкая вяшчальная кампанія TRT абвясціла пра дэталі арганізацыі новага музычнага праект «Turkvision» («Цюркабачанне»), у якім будуць удзельнічаць выканаўцы з 20 краін і аўтаномных рэгіёнаў розных краін, дзе жывуць цюркамоўныя народы. Адпаведныя запрашэнні дасланыя ў Татарстан, Боснію, Казахстан і г.д.
Той факт, што сярод ініцыятараў праекту «Turkvision» прысутнічае Мінадукацыі Турцыі, сведчыць пра тое, што без палітыкі не абышлося. Як вядома, Турцыя, дзе пры ўладзе памяркоўныя ісламісты, усё больш скептычна глядзіць на еўрапейскую перспектыву краіны і намагаецца разглядаць сябе самастойным рэгіянальным лідарам, у тым ліку для цюркскіх нацый.
Як і трэба было чакаць, ідэю «Turkvision» на ўра ўжо падтрымалі ў Азербайджане, які традыцыйна падтрымлівае Анкару. Праўда, Баку таксама мае намер браць удзел у конкурсе «Еўрабачанне».
Вырашыў даслаць на конкурс свайго прадстаўніка і Казахстан. Іншыя краіны пакуль думаюць. Між тым, ужо вядома, што паўфінал і фінал новага конкурсу пройдуць у снежні.
Паводле брытанскай прэсы