Туркменістан. Канфіскацыя хатніх гадаванцаў

Як піша незалежная прэса, у туркменскай сталіцы адбываецца незвычайны хапун.

2020_03_06_stray_dog_01_1068x711.jpg

У Ашхабадзе прадстаўнікі ўладаў праводзяць абходы жыхароў дамоў і выяўляюць кватэры, дзе ўтрымліваюцца больш за двое хатніх гадаванцаў — катоў або сабак. Уладальнікаў гэтых кватэр прымушаюць пазбавіцца ад лішніх жывёл. 

Абходы пачаліся 15 ліпеня, пасля таго, як віцэ-прэм’ер Туркменістану Шамухамет Дурдыліеў, праязджаючы па адным з раёнаў, заўважыў бяздомных сабак. Па яго даручэнні жывёлы праз некалькі гадзінаў былі забітыя супрацоўнікамі прадпрыемстваў мэрыі. Такія жорсткія захады ўлады патлумачылі прафілактычным змаганнем з распаўсюджваннем каронавіруса. 

У адказ мясцовыя жыхары дзеля выратавання сабак і катоў забіраюць іх дадому. Гэта і прымусіла ўлады абвясціць аперацыю па пошуку жывёл. 

Па словах некаторых жыхароў, чыноўнікі пагражаюць у выпадку невыканання прадпісання — пазбавіцца ад лішніх жывёл — уварвацца ў кватэры ў адсутнасць гаспадароў для самастойнага вырашэння праблемы лішніх хатніх гадаванцаў. Аднак, гледзячы па тым, што хапун трывае ўжо тыдзень, нелегальных сабакаў і катоў удаецца нейкім чынам хаваць.

Паводле туркменскай прэсы