У Брытаніі вырашылі не ўводзіць гендэрна-нейтральныя пашпарты
Х-пашпарты прапаноўвалі ўвесці для людзей, якія не адносяць сябе ні да жаночага, ні да мужчынскага пола.
Хадайніцтва актывісткі Крысці Элан-Кейн аб увядзенні гендэрна-нейтральных пашпартоў адхілена брытанскім судом. Пра гэта паведамляе SkyNews.
Элан-Кейн выступала за стварэнне Х-пашпартоў для людзей, якія не адносяць сябе ні да жаночага, ні да мужчынскага пола.
На яе думку, існуючы фармат пасведчання асобы дыскрымінуе тых, хто бачыць сябе па-за гендэрнай сістэмай, а адмаўленне існавання з'яўляецца горшым актам дыскрымінацыі.
«Адсутнасць спецыяльнага варыянту пашпарта, не звязанага з полам, уплывае на здольнасць заяўніка атрымліваць і выкарыстоўваць пашпарт на роўных умовах з асобамі, якія ідэнтыфікуюць і ідэнтыфікуюцца выключна ў дачыненні да мужчын ці жанчын», — кажа Элан-Кейн.
Яе адвакат Кейт Галлафент у звароце ў суд спасылалася на артыкул 8 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ) — права на павагу прыватнага жыцця і права не падвяргацца дыскрымінацыі па прыкмеце полу ці гендэра.
Аднак, суд адхіліў заяву, а ўрад адмовіўся ўвесці Х-пашпарты, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што хоць такая палітыка і ўступае ў канфлікт з артыкулам 8 ЕКПЧ, але яна можа быць апраўданая з меркаванняў бяспекі.