У Чылі адбылася найбуйнейшая за ўсю гісторыю краіны акцыя пратэсту
Больш за мільён чалавек выйшлі на новую акцыю пратэсту ў Чылі. Людзі, якія сабраліся, патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Себасцьяна Піньера.
У Чылі на чарговую акцыю пратэсту ў пятніцу, 25 кастрычніка, сабралася больш за мільён чалавек, якія запатрабавалі правядзення сацыяльных рэформ. Яна стала найбуйнейшай у гісторыі краіны. У сталіцы краіны Сант'яга дэманстранты прайшлі міма будынка ўрада, заклікаючы прэзідэнта краіны Себасцьяна Піньера сысці ў адстаўку. Інцыдэнтаў на працягу акцыі пратэсту зафіксавана не было. Акрамя таго, маршы пратэсту з удзелам тысяч людзей таксама прайшлі ў іншых гарадах краіны.
Адной з прычын, якія прывялі да пачатку пратэстаў, стаў рост коштаў на квіткі ў метро ў Сант'яга. Акцыі хутка распаўсюдзіліся па ўсёй краіне. Дэманстранты патрабавалі, апроч іншага, павышэння заработнай платы і пенсій, зніжэння коштаў на лекі і канстытуцыйную рэформу.
У першыя некалькі дзён дэманстрацыі перараслі ў падпалы і рабаванні. У выніку прэзідэнт Піньера адмяніў рашэнне аб павышэнні коштаў на праезд у метро, але пратэсты не спыніліся. Праз некалькі дзён кіраўнік Чылі абвясціў аб пакеце мер, якія адказвалі некаторым патрабаванням дэманстрантаў. Падчас беспарадкаў былі забітыя прынамсі 19 чалавек. Па дадзеных мясцовых праваабаронцаў, 585 чалавек атрымалі раненні, яшчэ 2840 былі арыштаваныя. У Сант'яга і шэрагу іншых гарадоў быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча.
dw.com