У Ерэване адбываюцца шматтысячныя пратэсты

Дэманстранты атачылі будынкі Нацыянальнага сходу краіны і Міністэрства замежных спраў, паведамляе «Свабода».

08c10000_0a00_0242_64e8_08da2de247ed_w1023_r1_s.webp

У Ерэване каля дзесяці тысяч гараджан, якія патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна, прайшлі шэсьцем па горадзе і атачылі будынак Нацыянальнага сходу краіны. Відавочцы паведамілі Радыё Свабода аб некалькіх сутычках з паліцыяй, якая ачапіла парлямэнт.
Пасьля гэтага частка пратэстоўцаў рушыла да будынка Міністэрства замежных спраў, таксама атачыўшы яго.
Адзін з удзельнікаў акцыі здолеў трапіць унутр памяшканьня і вывесіць сьцяг Нагорнага Карабаху. Пазьней сьцяг зьнялі паліцыянты, затрымаўшы некалькі чалавек. Мітынгоўцы пры гэтым не разыходзяцца. Адзін зь лідэраў армянскай апазыцыі Ішхан Сагацельян заклікаў людзей застацца на плошчы на ноч і «выбіць дзьверы» у будынак МЗС, калі іх зачыняць. «Няхай усе міністры, якія не абараняюць правы армянаў Нагорнага Карабаху, ідуць да дʼябла», — заявіў ён.
Нікол Пашыньян прыйшоў да ўлады ў Армэніі ў 2018 годзе на хвалі пратэстаў супраць папярэдняга ўраду краіны. У 2021 годзе ён быў пераабраны на датэрміновых выбарах. Пры гэтым за час знаходжаньня Пашыньяна на пасадзе прэмʼер-міністра Армэнія пацярпела паражэньне ва ўзброеным канфлікце з Азэрбайджанам за спрэчныя тэрыторыі Нагорнага Карабаху.
Парлямэнцкая апазыцыя з канца красавіка праводзіць акцыі пратэсту ў Ерэване і іншых частках краіны з патрабаваньнем адстаўкі Пашыньяна і ўраду, які ён узначальвае. Апазыцыя абвінавачвае ўладу ў падрыхтоўцы да здачы інтарэсаў Армэніі і Нагорнага Карабаху ў перамовах з Азэрбайджанам. На мітынгу 1 траўня было абвешчана аб пачатку «вырашальнага этапу барацьбы» і маштабных акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня на гэтым тыдні.
Пратэстанты пэрыядычна перакрываюць вуліцы. Сёньня з раніцы ў Ерэване быў перакрыты Кіеўскі мост — адзін з двух мастоў, якія злучаюць паўднёва-заходнюю частку сталіцы з цэнтрам. Празь некаторы час паліцыя аднавіла рух транспарту па мосьце.
За мінулыя два дні сотні ўдзельнікаў акцый пратэсту былі дастаўленыя ў паліцэйскія ўчасткі. Колькасьць падвергнутых прываду падчас сёньняшніх акцый пратэсту апазыцыі ў Ерэване ўжо дасягнула 40 чалавек.