У Германіі 101-гадовы былы ахоўнік канцлагеру атрымаў турэмны тэрмін
Суд у нямецкім Нойрупіне вынес прысуд 101-гадоваму былому ахоўніку канцэнтрацыйнага лагеру Заксэнхаўзен. Мужчыну засудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Яго абвінавацілі ў пасобніцтве ў забойстве тысяч зняволеных лагера.
Судовы працэс над старым працягваўся дзевяць месяцаў. Абвінавачаны не прызнаў у судзе сваю віну. Ён заяўляў, што ніколі не служыў у Заксэнхаўзене, а ў пазначаныя абвінавачаннем тэрміны працаваў на ферме ў зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія.
Аднак пракуратура прадставіла дакументы ахоўніка канцлагера. У іх імя, прозвішча і дата нараджэння цалкам супадалі з дадзенымі абвінавачанага.
Пра суд над мужчынам стала вядома ў кастрычніку 2021 году. На той момант 100-гадовага Ёзэфа С. палічылі дастаткова здольным, каб паўстаць перад судом.
Паведамлялася, што мужчына з’яўляўся членам ваенна-паліцэйскай арганізацыі СС у Трэцім рэйху. Яго абвінавачвалі ў 3518 пунктах датычнасці да забойстваў у канцлагеры Заксэнхаўзен у перыяд з 1942 па 1945 год.
Канцлагер Заксэнхаўзен быў створаны ў 1936 годзе ў ваколіцах Берліна. Спачатку яго выкарыстоўвалі ў якасці трэніровачнага цэнтру для афіцэраў СС. Праз яго прайшлі 200 тысяч зняволеных, у тым ліку палітычныя праціўнікі рэжыму Трэцяга рэйху, а таксама габрэі, цыганы, замежныя ваеннапалонныя. Дзясяткі тысяч зняволеных памерлі ад голаду, хвароб, прымусовай працы, медычных эксперыментаў і жорсткага абыходжання эсэсаўцаў.
У 2011 годзе за ваенныя злачынствы быў асуджаны былы ахоўнік Іван Дзем'янюк. Яго справа стварыла юрыдычны прэцэдэнт і праклала шлях для некалькіх наступных. З таго часу суды вынеслі некалькі абвінаваўчых прысудаў на падставах прыналежнасці да рэжыму, а не за забойствы ці зверствы, непасрэдна звязаныя з канкрэтным абвінавачаным.