У Ізраілі — усеагульная забастоўка. Што адбываецца?
У Ізраілі абвешчаны ўсеагульны страйк пратэсту супраць судовай рэформы ўрада Біньяміна Нетаньяху, які ўжо сёння абярнуўся прыпыненнем усіх рэйсаў з галоўнага міжнароднага аэрапорта краіны «Бэн-Гурыён».
Ізраільскі прафсаюз «Гістадрут» абвясціў пра ўсеагульны страйк, накіраваны супраць судовай рэформы, якая выклікала масавыя пратэсты ў краіне.
«Мы бяромся за рукі, каб спыніць працоўную актыўнасць у Ізраілі. Гандлёвыя цэнтры і фабрыкі зачыняцца», — заявіў лідар «Гістадрута» Арнон Бар-Давід на выступленні перад чыноўнікамі і бізнес-супольнасцю.
Як паведамляе «The Times of Israel і Haaretz», да страйку далучыліся медыкі, работнікі дзіцячых устаноў, а таксама чыноўнікі і некаторыя супрацоўнікі розных падраздзяленняў Мінюста Ізраіля.
На заклік да страйку першымі адгукнуліся работнікі найбуйнейшага аэрапорта краіны «Бэн-Гурыён»: адмянілі ўсе вылеты, на пасадку прымаюць толькі тыя рэйсы, якія ўжо знаходзіліся ў паветры.
Пратэстоўцы і страйкоўцы патрабуюць, каб прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху адмовіўся ад рэалізацыі рэформы, у выніку якой урад можа атрымаць права вырашальнага голасу пры выбары суддзяў і абмежаваць магчымасці Вярхоўнага суда па адмене дырэктыў або законаў.
Раней выданне «Haaretz» паведамляла, што на фоне пратэстаў прэм'ер-міністр пачаў абмяркоўваць з чальцамі сваёй кааліцыі магчымасць замарожвання закона аб рэформе.
Чакаецца, што 27 сакавіка Нетаньяху выступіць з публічным зваротам на гэтую тэму.
Многія ізраільцяне лічаць, што ўрад, у якім дамінуюць ультраправыя і рэлігійныя партыі, імкнучыся абмежаваць уладу Вярхоўнага суда і набыць большы ўплыў на працэдуру прызначэння суддзяў, адкрывае дарогу да ператварэння ізраільскай дэмакратыі ў аўтарытарны рэжым. Цяпер Вярхоўны суд мае магчымасць заблакіраваць рашэнні парламента, калі палічыць іх неправамернымі.
У панядзелак раніцай да пратэстоўцаў далучыўся і прэзідэнт Ізраіля Ісаак Герцаг — ён выступіў у Твітары з заклікам да ўрада адклікаць рэформу, якая раскалола грамадства. «Дзеля адзінства народа Ізраіля, дзеля адказнасці я заклікаю вас неадкладна спыніць гэты заканадаўчы працэс», — напісаў ён і дадаў, што да іх «прыкаваны погляды ўсяго народа Ізраіля».
Нагадаем, масавыя пратэсты з-за судовай рэформы працягваюцца ў Ізраілі некалькі месяцаў. Чарговае абвастрэнне адбылося 26 сакавіка, калі Біньямін Нетаньяху адправіў у адстаўку міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта з-за яго нязгоды з палітыкай урада. Напярэдадні адстаўкі міністр заклікаў улады краіны спыніць рэформу. Ёаў Галант заявіў, што гэтыя рашэнні ўрада, што абурылі ізраільскае грамадства і многіх ваенных, адбіваюцца на боегатоўнасці Узброеных сіл.
Нетаньяху на гэта заявіў, што страціў давер да міністра абароны і дадаў, што той «дзейнічаў за спінай урада». У выніку ў гарадах Ізраіля адбыліся акцыі пратэсту, якія перараслі ў сутыкненні з паліцыяй.
Учора, 26 сакавіка, бліжэй да ночы абураныя адстаўкай міністра абароны ізраільцяне сабраліся на акцыю пратэсту ля рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху. Для разгону дэманстрантаў паліцыя і армія, якая прыйшла ім на дапамогу, ужыла вадамёты.