У Кіеў прыбыла другая партыя ваеннай дапамогі з ЗША

Амерыканскі самалёт даставіў больш за 80 тон вайсковых грузаў у Кіеў. Пастаўкі будуць працягнутыя, паабяцаў кіраўнік Мінабароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Другая партыя ўзбраенняў са Злучаных Штатаў дастаўлена ва Украіну ў нядзелю, 23 студзеня. Амерыканскі самалёт прыбыў у Кіеў, маючы на борце "больш за 80 тон зброі для ўмацавання абараназдольнасці Украіны ад нашых сяброў з ЗША", паведаміў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у сваім мікраблогу Twitter. Паводле яго слоў, пастаўкі будуць працягнуты — "гэта яшчэ не ўсё".
Раней, 22 студзеня, у аэрапорце Кіева прызямліўся амерыканскі самалёт, які даставіў ва Украіну 90 тон ваенных грузаў, у тым ліку боепрыпасы, прызначаныя для "абаронцаў Украіны на лініі фронту", аб чым паведаміла пасольства ЗША ва Украіне.
Як удакладнялася ў паведамленні, ваеннае абсталяванне на суму ў 60 млн долараў было дастаўлена па распараджэнні прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Чакаецца цэлая серыя такіх паставак.
У снежні 2021 года, Джо Байдэн паставіў свой подпіс пад абаронным бюджэтам ЗША на 2022 фінансавы год аб'ёмам 768,2 млрд долараў, у якім прадугледжана 300 млн долараў на ваенную дапамогу Украіне.
У кастрычніку 2021 года ва Украіну з ЗША ўжо была дастаўлена ваенная дапамога таксама на 60 млн долараў, яна ўключала боепрыпасы, супрацьтанкавае і высокадакладнае ўзбраенне, медыцынскую маёмасць і гэтак далей. Гэта быў дадатковы пакет дапамогі звыш узгодненага раней аб'ёму ў 250 млн.
Украіна атрымлівала ад ЗША матэрыяльна-тэхнічную дапамогу ўсе папярэднія гады. Пры прэзідэнце Дональдзе Трампе Вашынгтон вылучыў Кіеву ў рамках ваеннай дапамогі ў 2017 і 2018 гадах па 350 млн долараў, у 2019 годзе — 250 млн, у 2020 годзе — 300 млн. Акрамя таго, адміністрацыя Трампа ўхваліла продаж Кіеву і смяротнай зброі — Украіна пачала атрымліваць супрацьтанкавыя комплексы Javelin.
Паводле dw.com