У Косаве арыштавалі расійскую журналістку, «якая можа быць шпіёнкай»
Па падазрэнні ў шпіянажы на мяжы Косава затрыманая журналістка «Камсамольскай праўды» Дар'я Асламава.
Міністр унутраных спраў Косава Ксхелал Свецла заявіў, што ўчора, 6 жніўня, на мяжы была арыштаваная расійская журналістка Дар'я Асламава. Яе падазраюць у шпіянажы.
«Многія краіны давялі, што яна займалася шпіянажам на карысць расійскай вайсковай выведкі і што яна выдавала сябе за журналістку», — гаворыцца ў заяве Свецлы. Агенцтва «Reuters» не змагло пацвердзіць гэтыя абвінавачанні.
Асламава, якая працуе ў расійскай газеце «Камсамольская праўда», была вызваленая і цяпер знаходзіцца ў сербскім горадзе Рашка. Ні газета, ні сама журналістка абвінавачанні ўладаў Косава на яе адрас не каментуюць.
Свецла апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook некалькі фотаздымкаў Асламавай з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і яшчэ адзін — з прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам.
Канфлікт паміж сербамі і албанцамі, якія пражываюць у Косаве, абвастрыўся на фоне новаўвядзенняў, якія косаўскія ўлады планавалі прыняць у дачыненні да грамадзян Сербіі. Гаворка ідзе пра рашэнне, што абавязвала б этнічных сербаў, якія складаюць большасць на поўначы, атрымліваць дэкларацыю пры перасячэнні мяжы з Рэспублікай Косава на тры месяцы і мяняць сербскія аўтамабільныя нумарныя знакі на косаўскія.
Пасля анансавання новых правіл уезду ў Косава для сербаў у нядзелю жыхары Косаўскай-Мітравіцы пачалі ўсталёўваць барыкады, а таксама ўключалі сірэны паветранай трывогі. Паводле даных СМІ, паліцыя паведаміла пра страляніну ў некалькіх месцах на поўначы Косава, пацярпелых не было.
Урад Косава адклаў новаўвядзенні да верасня. Нядаўна пад кантролем міратворчай місіі NATO ў Косаве сталі разбіраць барыкады.