У Крыму заявілі, што спыняць ўкраінскае вяшчанне
У анэксаваным Расіяй Крыму заявілі, што вяшчанне ўкраінскіх медыя на тэрыторыю паўвострава будзе спынена як не адпавядаючае расійскаму заканадаўству.
Пра гэта заявіў прызначаны расійскімі ўладамі «міністр» ўнутранай палітыкі, інфармацыі і сувязі Крыма Дзмітрый Палонскі.
Паводле яго слоў, вяшчанне на Крым не будзе дапушчана «з-за адсутнасці законных падстаў».
«У нас дастаткова тэхнічных сродкаў, каб спыніць недазволенае расійскім заканадаўствам вяшчанне на тэрыторыі Рэспублікі Крым», — заявіў Палонскі.
Ён дадаў, што заглушванне сігналу з новай вышкі на тэрыторыю паўвострава не адаб'ецца на якасці тэле- і радыёвяшчання ў Крыму.
Таксама Палонскі заявіў, што «праект (ўкраінскага вяшчання на Крым) не мае ніякіх перспектыў».
Як вядома 2 снежня намеснік міністра інфармацыйнай палітыкі Арцём Бідэнка заявіў, што ў н.п. Чонгар Генічнага раёна Херсонскай вобласці пачалі будаваць тэлерадыёкамунікацыйную вежу вышынёй 150 м, якая будзе даваць сігнал на часова акупаваны Крым.
Паводле «Украінскай праўды»