У ліку ахвяраў страляніны ў Вірджыніі быў і беларус
Сярод 12 забітых ў амерыканскім штаце Вірджынія быў выхадзец з Беларусі, перадае Радыё Свабода. Пра гэта паведаміла выданне The Virginian-Pilot.
Паводле выдання, 35-гадовы Алекс Гусеў прыехаў у ЗША на вучобу ў 2003 годзе. Ён атрымаў адукацыю інжынера і апошнія дзевяць гадоў працаваў у муніцыпальных службах гораду Вірджынія-Біч.
12 чалавек загінулі пасля таго, як муніцыпальны служачы ўвайшоў у памяшканне адміністрацыі гораду Вірджынія-Біч і распачаў там страляніну. Чатыры чалавекі былі дастаўленыя ў лякарню з раненнямі.
Амерыканскія СМІ паведамляюць, што нападнік быў забіты ў перастрэлцы з супрацоўнікамі паліцыі. У злачынстве падазраецца 40-гадовы Дэўін Крэдак, які быў узброены пісталетам і паўаўтаматычнай стрэльбай.
Падчас страляніны ў будынку было каля 400 чалавек. Паводле дадзеных паліцыі, цела аднаго забітага было знойдзена ў аўтамабілі побач з будынкам, астатнія — на трох паверхах муніцыпалітэту.
«Гэта самы жудасны дзень у гісторыі Вірджыніі-Біч», — заявіў мэр гораду Бобі Даер.
Паводле папярэдніх дадзеных, зброя, з якой страляў наўмыснік, было набытая легальна. У водгуках на масавае забойства палітыкі ад Дэмакратычнай партыі зноў запатрабавалі зрабіць больш жорсткім заканадаўства, спасылаючыся на шматлікія выпадкі стральбы ў публічных месцах.
svaboda.org