У Маскве сістэма распазнання твараў будзе вылічаць маршруты злачынцаў — але юрысты непакояцца з іншай нагоды
Мэрыя Масквы за 130 мільёнаў рублёў мадэрнізуе сістэму распазнання твараў, якую выкарыстоўваюць паліцэйскія. Яна будзе здольная вылічаць маршруты злачынцаў і іх саўдзельнікаў, паведамляе meduza.io.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах дзяржзакупкі, абвешчанай 26 жніўня. Увагу на гэта звярнуў "Коммерсант".
З тэхнічнай дакументацыі тэндэру вынікае, што пасля мадэрнізацыі сістэмы паліцэйскія з дапамогай гарадскіх відэакамер і нейрасетак змогуць:
· сачыць за маршрутамі злачынцаў і фіксаваць іх меркаваных саўдзельнікаў;
· знаходзіць людзей, якія вярталіся на месца ўчыненых злачынстваў;
· шукаць людзей па розных фільтрах: паводле полу, узросту, расавай прыналежнасці, наяўнасці акуляраў, барады, маскі, галаўнога ўбору і сілуэту;
· адсочваць маршрут пэўнага чалавека на зададзеным участку.
Акрамя таго, у рамках дзяржзакупкі выканаўца павінен стварыць мабільную праграму для iOS і Android, праз якую паліцыянты змогуць падлучацца да сістэмы распазнання твараў з тэлефонаў і планшэтаў.
Падрадчыка плануюць выбраць 1 кастрычніка, на выкананне работ у яго будзе 55 дзён.
Але ж у поле зроку і базу даных нейрасеткі могуць патрапіць не толькі падазраваныя і іх саўдзельнікі, але таксама звычайныя грамадзяне. Эксперт «Роскомсвободы», старшы юрыст Digital Rights Center Уладзімір Ажэралаў адзначыў: «Наяўнасць цэнтралізаванай базы з вялікім аб'ёмам даных аб грамадзянах робіць яе зручнай мішэнню для зламыснікаў». Нават пры выкарыстанні сродкаў абароны інфармацыі, асцерагаюцца эксперты, даныя могуць патрапіць на чорны рынак.