У Нью-Ёрку ўсталявана калядная ёлка. Яе запаляць 30 лістапада
Знакаміты сімвал Каляд прыбыў у Нью-Ёрк 12 лістапада. Нарвежская елка вышынёй 25 метраў была ўсталявана на Ракфелер-Плаза. Дрэва будзе ўпрыгожана тысячамі агнёў і ўвянчана зоркай, інкруставанай мільёнамі крышталёў.
Калядная ёлка будзе афіцыйна запалена 30 лістапада, паведамляе АР.
Прыкладна 90-гадовае дрэва было ссечана ў чацвер, а затым паднята на бартавы грузавік для паездкі на 322 км з Квінсберы, штат Нью-Ёрк, у Нью-Ёрк.
«Мы падарылі яго з разлікам на тое, што яно спадабаецца ўсім», — сказаў Ніл Лебавіц, сям'я якога падарыла дрэва.
«Для мяне гэта было проста прыгожае дрэва, — цытуе Лебавіца New York Post. — Цяпер гэта асаблівае дрэва. Усе ва ўсім свеце могуць атрымліваць асалоду ад гэтага».
Дрэва, ніжнія галіны якога распасціраюцца на 15 метраў у дыяметры, будзе ззяць 50 000 рознакаляровымі агеньчыкамі, а на вяршыні будзе 408-кілаграмовая зорка, пакрытая 3 мільёнамі крышталёў.
Пасля святаў дрэва будзе распілавана на піламатэрыялы для ахвяравання Habitat for Humanity — некамерцыйнай і няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае людзям будаваць ці рамантаваць дамы.