У Расіі могуць заблакаваць Facebook
Раскамнагляд да канца года праверыць кампанію, якая павінна правесці лакалізацыю баз дадзеных расійскіх грамадзян і выдаліць забароненую інфармацыю.
Кіраўнік Раскамнагляду Аляксандр Жараў заявіў у інтэрв'ю газеце «Известия», што ведамства можа заблакаваць Facebook да канца 2018 года, калі кампанія не выканае патрабаванні закона аб лакалізацыі баз дадзеных на тэрыторыі РФ.
«Да канца 2018 года мы правядзем праверку кампаніі, і ёсць некалькі пунктаў, якія павінны быць выкананы: лакалізацыя баз дадзеных расійскіх грамадзян на тэрыторыі Расіі, выдаленне ўсёй забароненай інфармацыі, — а яны ўжо значна спазняюцца па тэрмінах — і выкананне іншых законаў», — паведаміў Жараў.
Ён падкрэсліў, што калі нічога ці хоць штосьці з пералічанага не будзе выканана — паўстане пытанне наконт блакавання. Кіраўнік расійскага ведамства таксама распавёў, што сустракаецца з прадстаўнікамі Facebook «дзесьці раз на паўгода».
Нагадаем, 13 красавіка Таганскі суд Масквы задаволіў пазоў Раскамнагляду і пастанавіў заблакаваць месэнджар Telegram на тэрыторыі Расіі.
Паводле korrespondent.net