У Сірыі пад авіяўдар трапіў гуманітарны канвой ААН
Ваенныя самалёты нанеслі авіяўдар па аўтакалоне з гуманітарнай дапамогай у раёне сірыйскага горада Алепа.
Як перадае ВВС, спасылаючыся на Сірыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека, удар нанеслі сірыйскія або расійскія самалёты. Паводле непацверджаных звестак, пры авіяналёце загінулі 12 чалавек. Пашкоджаныя прынамсі 18 з 31 грузавіка канвою.
Гуманітарны канвой быў арганізаваны ААН і сірыйскім аддзяленнем Чырвонага Паўмесяца. Аўтамабілі везлі гуманітарную дапамогу ў раёны, якія кантралююцца паўстанцамі.
Злучаныя Штаты ўжо выказалі абурэнне гэтым авіяналётам і заявілі, што гатовыя перагледзець будучую супрацу з Расіяй па Сірыі. Прадстаўнік Дзярждэпартамента Джон Кербі назваў гэтую падзею "абуральным парушэннем пагаднення аб спыненні агню".