У ЗША адклалі выкананне сямі смяротных пакаранняў з-за пратэстаў медычнай кампаніі

Падчас падпісання дамовы з уладамі Арканзасу ў фармацэўтычнай кампаніі McKesson меркавалі, што інʼекцыі будуць выкарыстоўвацца толькі ў медычных мэтах.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Суды ў амерыканскім штаце Арканзас ў пятніцу адклалі выкананне сямі смяротных пакаранняў з-за пратэстаў з боку кампаніі McKesson — вытворцы аднаго з атрутных рэчываў, з дапамогай якога планавалася пазбавіць жыцця прысуджаных да смерці. Аб гэтым паведамляецца ў пастановах, якія паступілі ў судовы архіў.
Усе сем пакаранняў смерцю мужчын, асуджаных за забойствы, былі запланаваны на красавік. Прысуджаным да смерці павінны былі зрабіць інʼекцыю абязбольвальнага і яшчэ двух рэчываў. Першае — для спынення сэрца, другое — для спынення працы лёгкіх. Адзін з гэтых прэпаратаў улады штата закупілі ў фармацэўтычнай кампаніі McKesson, пры гэтым яны, як сцьвярджаюць у фірме, не растлумачылі, як плануюць ужываць гэты сродак.
Прадстаўнікі McKesson меркавалі, што рэчыва будзе выкарыстоўвацца толькі ў медычных мэтах. Кампанія запатрабавала ад уладаў Арканзасу адмяніць здзелку і вярнуць прэпарат, аднак гэтага пакуль не адбылося. Вышэйшы і акруговыя суды штата пастанавілі адкласці пакараньні смерцю сямі зняволеным да завяршэння разбору.
У апошнія гады ўлады некаторых іншых амерыканскіх штатаў таксама сутыкнуліся з ростам дэфіцыту атрутных рэчываў, якія ўжываюцца для «смяротнага ўколу». Гэта было выклікана, у прыватнасці, тым, што еўрапейскія вытворцы такіх рэчываў спынілі іх пастаўкі ў ЗША, паколькі выступаюць супраць смяротнага пакарання.
Амерыканская асацыяцыя фармаколагаў раней рэкамэндавала сваім членам не прадстаўляць уладам краіны рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для смяротнай інʼекцыі.
Праблему недахопу рэчываў для «смяротнага ўколу» вырашаюць у розных штатах па-свойму. Так, у штаце Юта ў 2015 годзе быў прыняты закон, які дазваляе расстрэльваць прысуджаных да пакарання смерцю злачынцаў у выпадку недахопу неабходных для інʼекцыі рэчываў.
Смяротнае пакаранне дазволена ў 31 амерыканскім штаце. Па стане на кастрычнік 2016 года, смяротных прысудаў чакалі ў ЗША 2902 чалавекі. У перыяд з 1976 года, калі смяротнае пакараньне ў краіне зноў пачало ажыццяўляцца, па красавік 2017 года ў ЗША былі пакараныя смерцю 1448 чалавек. Найбольш часта асуджаным робяцца смяротныя інʼекцыі.
Паводле «Радыё Свабода»