У Босніі памінаюць ахвяр разні ў Срэбраніцы

Дзясяткі тысяч чалавек з'язджаюцца ў Срэбраніцу, каб узяць удзел у жалобных цырымоніях, прысвечаных 20 гадавіне забойства 8 000 баснійскіх бежанцаў — самага крывавага злачынства ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.



150711062738_srebrenica_anno_624x351_getty.jpg

У суботу тут будуць пахаваныя выяўленыя і ідэнтыфікаваныя з дапамогай аналізу ДНК парэшткі 136 ахвяр разні ў Срэбраніцы.

У Срэбраніцу прыбываюць дзясяткі дзяржаўных дзеячаў з розных краін свету, сярод іх — кіраўнік знешняй палітыкі ЕС Федэрыка Магерыні, экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм'ер-міністр Турцыі Ахмет Давутоглу і сербскі прэм'ер-міністр Аляксандр Вучыч, брытанская прынцэса Ганна і каралева Іарданіі Нур.

Напярэдадні каля 10 тысяч чалавек ўзялі ўдзел у штогадовым маршы міру, які паўтарае шлях мужчын, што спрабавалі пакінуць Срэбраніцу ў 1995 годзе.

Як гэта было

У часе вайны на Балканах у красавіку 1993 года ААН абвясціла Срэбраніцу зонай бяспекі. Такім чынам ААН спрабавала не дапусціць шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва Босніі і Герцагавіны. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН, любога роду напады там былі выключаныя.

Тры мусульманскіх анклавы — Срэбраніца, Жэпа і Гараждзе — на тэрыторыі ўсходняй Босніі, захопленай басьнійскімі сэрбамі ў 1992 годзе, перашкаджалі планам сербаў па стварэнні этнічна аднастайнай дзяржавы ў Босніі.

Адносная бяспека Срэбраніцы прывяла да таго, што ў горад, які жыў у мінулым у асноўным за кошт здабычы срэбных руд, з усходніх раёнаў Босніі прыбылі тысячы бежанцаў. Насельніцтва горада ўзрасло да 40 тысяч чалавек.

У пачатку лета 1995 года генерал Ратка Младзіч пачаў буйнамаштабнае наступленне на Срэбраніцу. Горад абараняў галандскі батальён "блакітных касак" ААН. Аднак толькі палова складу батальёна складалася з баявых падраздзяленняў; каля 200 чалавек займаліся дапаможнымі задачамі.

Не атрымаўшы ніякага супраціву з боку галандскіх міратворцаў, сербы пачалі наступ і ўзялі ў закладнікі ўвесь склад "блакітных касак" ААН. 11 ліпеня горад быў захоплены войскам басьнійскіх сэрбаў.

ААН не змагла абараніць бежанцаў.

12 ліпеня жанчын, старых і дзяцей пагрузілі ў аўтобусы і вывезлі ў раёны, кантраляваныя баснійскім урадам.

Мужчын і падлеткаў адправілі, як выказаўся генерал Младзіч, на "допыты ў сувязі з іх магчымым дачыненнем да здзяйснення ваенных злачынстваў".

На працягу наступнага тыдня, паводле ацэнак Міжнароднага суда ААН, каля 8 000 захопленых баснійскіх мужчын і хлопчыкаў ад 13 да 77 гадоў былі расстраляныя. Арганізацыя забойстваў — удзел транспарту, узаемадзеянне падраздзяленняў, падрыхтоўка масавых пахаванняў — сведчылі пра тое, што гэта была спланаваная аперацыя.

ichef.bbci.co.uk__news_ws_624_amz_a4d2b8a101adac1d1491c661671d5455.jpeg


 

У Срэбраніцы (фота 2005 года) хрысціянская царква і мячэць стаяць побач. У ліпені 1995 года тут былі забітыя 8 тыс. мусульман — мужчын і хлопчыкаў

Забойства ў Срэбраніцы сталі самай масавай разнёй ў Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Захоп горада стаў апошняй ваеннай перамогай баснійскіх сербаў у кампаніі 1992 – 1995 гадоў. Але з палітычнага і дыпламатычнага пункту гледзішча гэтая аперацыя прынесла ім катастрофу.

Цяпер заходнія краіны былі аднадушныя ў сваім жаданні пакласці канец вайне ў былой Югаславіі.

Праз два месяцы авіяцыя НАТА з адабрэння ААН нанесла бомбавыя ўдары па пазіцыях баснійскіх сербаў.

З прычыны перспектывы поўнай паразы, баснійскія сербы пагадзіліся на спыненне агню і мірную канферэнцыю ў Дэйтане.

Вета Расіі

8 ліпеня Расія наклала вета на рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН аб прызнанні разні ў Срэбраніцы ў 1995 годзе генацыдам.

Велікабрытанія ўнесла на разгляд гэтую рэзалюцыю, нягледзячы на ​​пратэст Расіі і Кітая.

Праект рэзалюцыі быў сустрэты варожа ў Сербіі. Баснійскія сербы звярталіся з просьбай да Расіі накласці вета на прыняцце гэтай рэзалюцыі.

У тэксце праекта рэзалюцыі, у прыватнасці, утрымлівалася фраза: "Прызнанне трагічных падзей у Срэбраніцы ў якасці генацыду з'яўляецца неабходным умовай для прымірэння".

У 2007 годзе міжнародны суд ААН вынес вердыкт аб тым, што масавыя забойствы ў Срэбраніцы былі генацыдам.

Суд пацвердзіў прынятае ў 2004 годзе рашэнне Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі, які прызнаў гэтыя падзеі генацыдам.

ВВС