У Кіеве дэманстранты атачылі Вярхоўную Раду, аднавіліся сутычкі са спецназам

У Кіеве сёння праходзіць пасяджэнне Вярхоўнай Рады Украіны. Апазіцыя заблакавала трыбуну Рады ў знак пратэсту супраць адмовы старшыні парламента Уладзіміра Рыбака рэгістраваць праект пастановы аб вяртанні да Канстытуцыі 2004 года. Разам з тым мітынгоўцы паспрабавалі блакаваць будынак ВР. На рагу Інстытуцкай і Шаўкавічнай і на вуліцы Ліпскай ідуць сутыкненні міліцыі і мітынгоўцаў.



ua_fight.jpg

Мітынгоўцы кідаюць камяні ў бок праваахоўнікаў, у адказ міліцыянты страляюць святлошумавымі гранатамі. Супраць мітынгоўцаў быў выкарыстаны слезацечны газ. Радыкалы шпурнулі ў спецназ кактэйль Молатава і падпалілі шыны на барыкадах.
Мітынгоўцы скандуюць: «Фашысты!». Мітынгоўцы з вуліцы Садовай наступаюць на ланцугі міліцыі. У адказ міліцыя пачала страляць.
Між тым учора дэманстранты выканалі патрабаванні закона пра амністыю — разблакавалі рух на вуліцы Грушэўскага і вызвалілі будынкі абласных дзяржаўных адміністрацый.
Украінская апазіцыя працягвае стаяць на Майдане, каб захоўваўся сілавы ціск на Віктара Януковіча. Эканамічная сітуацыя застаецца вельмі складанай, дзяржава блізкая да банкруцтва, і ўкраінскае грамадства хоча засцерагчыся ад здачы Януковічам нацыянальнага суверэнітэту Расіі.

nn.by