У Савеце Федэрацыі РФ прапануюць кропкава абстрэльваць Украіну
Самым эфектыўным спосабам спыніць абстрэлы з боку Украіны з'яўляецца прымяненне высокадакладнай зброі. Гэта ў Расіі называюць вопытам цывілізаваных краін. Такое меркаванне выказаў віцэ-спікер Савфеда Яўген Бушмін, які прадстаўляе ў палаце Растоўскую вобласць.
«Апошнія два тыдні я знаходзіўся ў Растоўскай вобласці, размаўляў з тымі, хто там
служыць. Складаецца такое адчуванне, што калі раней абстрэлы не былі накіраваныя супраць расійскіх памежнікаў, то цяпер усё часцей ладзяць правакацыі, таму што іншага спосабу прымусіць нас уступіць у
супрацьстаяньне з украінскімі сілавікамі няма», — заявіў Бушмін.
«Адзіны спосаб — змагацца з гэтым, як цывілізаваныя краіны, ЗША, Еўрасаюз. Трэба выкарыстоўваць кропкавую зброю, у тым
ліку і як Ізраіль, каб знішчыць тых, хто гэты фугас (у расійскі Данецк) запусціў», — лічыць палітык.
Ён нагадаў, што ізраільскія ўлады ў выпадку падобных абстрэлаў іх тэрыторыі вылічаюць, адкуль запускаецца ракета, і кропкава знішчаюць пускавую ўстаноўку.
Пры гэтым ён не паленаваўся выкарыстаць адну з галоўных расійскіх страшылак пра Украіну — усюдыісны «Правы сектар».
Сенатар сумняваецца, што цяпер можна дамовіцца з украінскім бокам, каб баявыя дзеянні, нават ускосна, не распаўсюджваліся на памежныя рэгіёны РФ, паколькі кіеўскія ўлады, па яго думку, не
кантралююць сітуацыю цалкам.
«Там ёсць бандфармаванні, якія падпарадкоўваюцца Каламойскаму, "Праваму
сектару", якія дзейнічаюць досыць самастойна», — паўтарае ён расійскую прапаганду.
Як паведамлялася, Расія абвінаваціла Украіну ў гібелі мясцовага жыхара пры трапленні снарада ў прыватны дом у
Растоўскай вобласці. Снарад нібыта быў запушчаны з тэрыторыі Украіны. Пры гэтым украінскі бок адпрэчыў абвінавачванні паўночнага суседа, заявіўшы, што сілы АТА не вядуць стральбу па тэрыторыі
Расійскай Федэрацыі.