Украіна ўвяла надзвычайныя меры з-за блакады паставак вугалю з Данбаса
Урад Украіны ўвёў надзвычайныя меры ў сферы энергетыкі ў сувязі з блакадай паставак вугалю з Данбаса.
«Мы ўводзім гэтыя меры і ўсё робім для таго, каб не дапусціць або мінімізаваць любыя адключэнні. Хацеў бы, каб гэта зразумелі ўсе грамадзяне», — заявіў прэм'ер-міністр краіны Уладзімір Гройсман падчас пазачарговага пасяджэння ўрада.
Па словах Гройсмана, адключэнні будуць адбывацца толькі ў крайніх выпадках, а ўлады будуць загадзя інфармаваць насельніцтва пра гэта.
«І спадзяюся, што здаровага сэнсу хопіць у тых, хто мае дачыненне да блакаванняў, каб аднавіць нармальнае энергазабеспячэнне нашай краіны», — заявіў Гройсман.
Міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Ігар Насалік заявіў, што надзвычайныя меры будуць дзейнічаць месяц, але іх можна будзе затым падоўжыць.
Асноўная мэта ўвядзення надзвычайных мер — мінімізаваць выкарыстанне антрацытавага вугалю на цеплаэлектрастанцыі краіны, тлумачыць міністр. Надзвычайныя меры дазволяць знізіць выкарыстанне гэтага вугалю на 300-350 тысяч тон у месяц у зімовы перыяд.
Насалік растлумачыў, што ў межах гэтых мер улады пераходзяць да ручнога кіравання цепластанцыямі, каб загрузіць блокі, якія працуюць на газавым вуглі, і паменшыць нагрузку на блокі, якія працуюць на антрацыце.Акрамя таго, ён паведаміў аб пашырэнні вытворчасці энергіі атамнымі электрастанцыямі.
«Прадугледжваецца і пункт, які ўжываецца ў тэрміновых праблемах і дыспрапорцыях паміж спажываннем і вытворчасцю электраэнергіі. Мы будзем задзейнічаць веерныя адключэнні для таго, каб збалансаваць вытворчасць і спажыванне», — заявіў Насалік.
У апошнія тыдні ва Ўкраіне заблакаваныя чыгуначныя шляхі, па якіх пастаўляецца вугаль з тэрыторыі Данбаса.
Чыгуначныя шляхі перакрылі ветэраны спецаперацыі ў Данбасе і народныя дэпутаты. У іх ліку ёсць і дэпутаты Вярхоўнай Рады. Такім чынам, яны змагаюцца з гандлем з самаабвешчанай ДНР і ЛНР.
Кіраўнік НЭК «Укрэнерга» Усевалад Кавальчук раней заяўляў, што запасаў антрацыта на складах ТЭС хопіць прыкладна на 40 сутак працы.
Паводле BBC