Украіна. Выкрылі беларускага агента?
Нечаканыя наступствы мела ініцыятыва міністра інфраструктуры Украіны Уладзіміра Амеляна забараніць пасажырскія чыгуначныя перавозкі паміж Украінай і Расіяй.
![Фота з фэйсбука Уладзіміра Амеляна Фота з фэйсбука Уладзіміра Амеляна](/img/v1/images/39467853_10155789782407951_8816994141251567616_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фэйсбука Уладзіміра Амеляна
Хаця сам Амелян кажа, што яго матывы выключна патрыятычныя, шмат хто ў гэта не верыць. Калі б Амелян быў паслядоўным патрыётам, ён лагічна выступаў бы за блакаду ўсяго транспарту. Аднак у сувязі з тым, што ўкраінскія алігархі актыўна гандлююць з Расіяй, паўнавартасны разрыў наўрад ці магчымы.
Таму шмат хто бачыць у заявах Амеляна нейкі прагматычны намер. Дапускаюць, што ён хоча зрабіць сабе імя перад стартам выбарчага цыклу, што пачынаецца ў верасні. Імідж ультранацыяналіста можа дазволіць яму заняць высокае месца ў выбарчым спісе адной з радыкальных партый.
Між тым, многія палітолагі звяртаюць увагу, што асноўным бенефіцыярам ад праекта Амеляна стане Беларусь. Узгадваюць, што забарона авіяперавозак у 2015-м у накірунку Расіі прынесла каласальныя гешэфты Беларусі, праз якую ідзе транзіт з Кіева ў Маскву.
У сувязі з гэтым некаторыя кіеўскія палітолагі кажуць, што Амелян можа быць агентам беларускага ўплыву, і нават заклікаюць адпаведныя спецслужбы праверыць міністра.
Паводле ўкраінскай прэсы