Украіна. Сілы сепаратыстаў рыхтуюць контратаку

Сепаратысты рыхтуюцца да актыўных баявых дзеянняў, сцвярджае "прэм'ер" ДНР.



1462006.jpg

Аляксандр Барадай. Фота Reuters

Так званы "прэм'ер-міністр" самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" Аляксандр Барадай заявіў, што сепаратысты рыхтуюцца да контратацы на Данбас.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю выданню Газета.ру.

"Поўнае блакаванне любога з гэтых гарадоў украінскай арміяй немагчыма. Украінская армія не ў стане ўсімі сваімі рэсурсамі блакаваць па-сапраўднаму нават адзін Данецк. Таму я не бачу ў перспектыве ў гэтым сур'ёзнай пагрозы. Акрамя таго, украінская армія, яе рэсурсы ўжо вельмі моцна падарваныя, а маральны дух зламаны... Мы рыхтуемся не толькі да аблогі — мы рыхтуемся да актыўных дзеянняў. Мы рыхтуемся да контратакі", — заявіў Барадай.

Паводле яго слоў, гэтаму будзе спрыяць апошняя перадыслакацыя сіл тэрарыстаў.

"І канцэнтрацыя сіл, якая цяпер адбылася дзякуючы таму, што Стралкоў і яго атрад у поўным складзе выйшлі з Славянска, а гэта выдатныя байцы, і іх шмат, дазваляе нам разлічваць на поспех. Калі ў нас лінія фронту была моцна расцягнутая і нам прыходзілася ўтрымліваць гарнізоны адначасова ў вельмі многіх месцах, гэта было складана. Зараз такой праблемы няма. Таму я лічу адступленне ад Славянска цалкам апраўданым — і з ваеннага, і нават з палітычнага пункту гледжання", — сказаў ён.

Нагадаем, 5 ліпеня ўкраінская армія заняла Славянск, Краматорск і шэраг іншых населеных пунктаў Данецкай вобласці, пакінутых сепаратыстамі, што перадыслакаваліся ў Луганск і Данецк.

Паводле korrespondent.net