Урад Украіны падоўжыў дзеянне павялічанага тэрміну знаходжання ў краіне для беларусаў

Кабінет міністраў Украіны падоўжыў яшчэ на год павялічаны тэрмін легальнага знаходжання грамадзян Беларусі ў краіне. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр краіны Дзяніс Шмыгаль падчас пасяджэння ўрада.

flag_ukrainy.jpg


Пытанне аб падаўжэнні дзеяння пастановы задаў дэпутат Аляксей Ганчарэнка, зазначае REFORM.by.

«Адносна першай часткі пытання вы спазніліся. Мы прынялі рашэнне. Яно будзе апублікавана. Звычайна ўрад трымае такія рэчы на кантролі. Мы працягнулі яшчэ на год. І 180 дзён падоўжаныя яшчэ на год. Усе гэтыя рэчы апрацаваны і прыняты ўрадам», — адказаў прэм'ер-міністр Украіны.

Нагадаем, у 2020 годзе ўрад Украіны прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой грамадзяне Беларусі атрымалі права легальна знаходзіцца ў краіне 180 дзён на год. Раней гэты тэрмін складаў 90 дзён. Пастанова першапачаткова дзейнічала да 31 снежня 2021 года.

Такім чынам, у 2022 годзе грамадзяне Беларусі таксама змогуць знаходзіцца ва Украіне легальна 180 дзён. Калі яны жадаюць застацца ў краіне на больш доўгі тэрмін, ім неабходна клапаціцца пра дакументы, якія дазволілі б адпаведнае знаходжанне.