Ва Украіне аштрафавалі яшчэ адну беларуску за «георгіеўскую» стужку на аўтамабілі
Грамадзянка Беларусі, жыхарка Кобрына мае сплаціць штраф у памеры 850 грыўняў і яшчэ 353 грыўні судовага збору (разам амаль 50 даляраў у эквіваленце) за публічную дэманстрацыю забароненай ва Украіне «георгіеўскай» стужкі.
У выпадку, калі яна адмовіцца выплаціць вызначаны судом штраф, з яе прымусова спагоняць двайны памер штрафу — 1700 грыўняў (прыкладна 65 даляраў).
Пратакол аб правапарушэнні ў дачыненьні беларускі быў складзены падчас перасячэння ёю мяжы ў памежным пункце «Даманава» (Валынская вобласьць, якая мяжуе з Берасцейскаю вобласцю Беларусі). «Георгіеўская» стужка была прымацаваная на радыёантэне яе аўтамабіля Volkswagen Passat.
Гэта другі выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян Беларусі за выкарыстанне «георгіеўскай» стужкі. Сёлета ў студзені Беларус у Карпатах заплаціў максымальны штраф.
Летась у траўні Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла закон, які прадугледжвае штраф за выраб і прапагандысцкае выкарыстанне «георгіеўскіх»стужак. Цяпер іх публічнае выкарыстанне, дэманстрацыя або нашэнне караецца штрафам ў памеры ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэнні закону пакаранне больш жорсткае — штраф да 5100 грыўняў або арышт на 15 сутак з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў.
Паводле svaboda.org