Ва Украіне ўспышка адру: за тыдзень захварэлі больш за 1400 чалавек

Ва Украіне — успышка адру, за тыдзень захварэлі 1407 чалавек: 651 дарослы і 756 дзяцей. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Украіны.

18688_1.jpg


Больш за ўсё новых выпадкаў зафіксавалі ў Вінніцкай, Валынскай, Кіеўскай, Львоўскай, Луганскай, Ровенскай, Чарнігаўскай вобласці і ў Кіеве.
З пачатку 2018 года на адзёр ва Украіне захварэў 15 261 чалавек — 6243 дарослых і 9018 дзяцей. За гэты час ад ускладненняў адзёру памерла восем чалавек: шасцёра дзяцей і двое дарослых.
Нагадаем, выпадкі захворвання на адзёр зафіксаваныя і ў Беларусі. У красавіку адзёр быў дыягнаставаны ў дзіцяці ў Мінску — дзіця не было прышчэплена, сям'я вярнулася з Егіпта і Украіны. Нядаўна тры выпадкі адру дыягнаставалі ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Усе пацыенты не былі прышчэплены. Паведамлялася, што пад наглядам лекараў знаходзяцца яшчэ 10 чалавек, якія ўступалі ў кантакт з хворымі. Паводле папярэдняй версіі, адзёр прывёз грамадзянін Украіны, які прыехаў у Беларусь пагасціць. Першы выпадак адру ў краіне ў гэтым годзе выявілі ў Ваўкавыску ў пяцігадовай дзяўчынкі ў канцы лютага. Яна не была прышчэпленая, так як бацькі адмовіліся ад вакцынацыі.
Па звестках Еўрапейскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, у Еўропе працягваецца ўспышка адру. Па дадзеных на красавік 2018 года, зарэгістравана больш за 15 000 выпадкаў. Найбольшая колькасць — у Сербіі, Грэцыі, Румыніі, Францыі і Італіі, у тым ліку 13 смяротных выпадкаў.
Больш за 80% тых, хто захварэў на адзёр у Еўропе, не былі раней прышчэплены, што абумовіла распаўсюджванне інфекцыі. Прычына нізкага ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі супраць адру ў асобных краінах — рост колькасці адмоў ад вакцынацыі, які пачаўся з 2010 года.
Згодна з рэкамендацыямі СААЗ, кожнае дзіця павінна атрымаць дзве дозы вакцыны супраць адру. Таксама варта зрабіць прышчэпку дарослым, якія не былі цалкам імунізаваныя або не ўпэўнены ў сваім статусе імунітэту.
Напрыклад, у Беларусі прадугледжана вакцынацыя дзяцей ад адру ў 1 год і ў 6 гадоў.
Паводле tut.by