Валерый Івашчанка. Роберт Макнамара. Альфрэда Перэс Рубалькаба

Валерый Івашчанка

Валерый Івашчанка

6_3.jpg

Часова выконваючы абавязкі міністра абароны Украіны, здаецца, пераплюнуў нават Івана Вакарчука — міністра культуры Украіны, які праславіўся сваёй палітыкай фарсіраванай украінізацыі і стварэння новай дзяржаўнай міфалогіі. Часопіс Мінабароны «Войска Украіны» выйшаў з сенсацыйным артыкулам пра тое, што паўстанне на браняносцы “Пацёмкін арганізавалі ўкраінскія нацыяналісты. Дасюль лічылася, што славуты бунт упісаны ў канву расійскай рэвалюцыі, тон у якой задавалі сацыялісты. На захопленым матросамі караблі быў узняты чырвоны сцяг, частка пацёмкінцаў пазней стала сябрамі партый эсэраў або сацыял-дэмакратаў. Аднак, аказваецца, не ўсё так проста. Вось што піша галоўны часопіс ведамства Івашчанкі: “Борт “Пацёмкіна, які ўпрыгожваў малінавы сцяг казачай рэспублікі, вольнай ад рускага царызму, можна смела назваць караблём украінскай рэвалюцыі 1917–1918 гг. Аўтар прыводзіць наступныя доказы: большасць матросаў на Чарнаморскім флоце былі ўкраінцамі, два лідэры бунта — Панас Мацюшэнка і Рыгор Вакаленчук былі этнічнымі ўкраінцамі. Калі верыць “Войску Украіны, Панас нават граў на бандуры песні на вершы Шаўчэнка, які быў самым любімым паэтам пацёмкінцаў. Фінал артыкулу: “Паўстанне мела відавочны нацыянальна-вызвольны характар і стала праявай украінскага казачага менталітэту.
Роберт Макнамара

10_2_logo.jpg

Былы міністр абароны ЗША, дырэктар Сусветнага банку, якому было 93 гады, пайшоў з жыцця. Пачынаў Роберт як кіраўнік аддзелу па продажы абутку ў адным з супермаркетаў Сан-Францыска. З часам зрабіў фантастычную кар’еру ў бізнесе. Яго нават прызначалі кіраўніком канцэрну “Форд (раней гэту пасаду займалі выключна асобы з сям’і Фордаў). Вядомы, аднак, Роберт больш за ўсё сваімі праваламі на Кубе і ў В’етнаме. Макнамара трапіў у Белы дом па запрашэнню Джона Кенэдзі ў 1961 годзе і навязаў яму суперідэю — бязлітасна разбамбіць Паўночны В’етнам. Такая стратэгія прывяла да пашырэння зоны вайсковых дзеянняў і эскалацыі канфлікту. На Роберце таксама ляжыць адказнасць за беспаспяховы дэсант праціўнікаў Кастра ў Заліве Свіней. Аднак самае цікавае, што ў 1967 годзе Макнамара нечакана адмовіўся ад сваіх папярэдніх планаў і заклікаў прэзідэнта Ліндана Джонсана пакласці канец бамбардзіроўкам. Ліндан за гэта адправіў Роберта ў адстаўку. Макнамара пайшоў працаваць у Сусветны банк і зарэкамендаваў сябе як вялікі сябра краін Трэцяга свету. У 1995-м ён выдаў кнігу ўспамінаў, назваўшы свой курс у В’етнаме “татальная дурасць. Апошні раз Макнамара з’явіўся на публіцы ў пачатку 2000-х, калі крытыкаваў планы Буша-малодшага пачаць вайну ў Іраку.
Альфрэда Перэс Рубалькаба

11_1.jpg

Міністр унутраных спраў ад Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (PSOE) паабяцаў перад камерамі журналістам пакласці да 2016 года канец дзейнасці арганізацыі ЕТА. ЕТА, нагадаем, аб’дноўвае радыкальных прыхільнікаў незалежнасці Краіны Баскаў, якія дабіваюцца яе тэрарыстычнымі метадамі. Усім зразумела, што наяўнасць ЕТА пагражае правядзенню Алімпіяды 2016 года ў Мадрыдзе. Трэба прызнаць, што дырэктар МУС порстка ўзяўся за справу. Толькі на мінулым тыдні былі арыштаваны тры баевіка ЕТА. Аднак арыштамі справа не абмежавалася. Рубалькаба загадаў ачысціць сцены дамоў ад плакатаў з выявай палітычных вязняў, сяброў ЕТА. Такія плакаты — звычайная частка урбаністычнага пейзажу Краіны Баскаў. Нацыяналісты іх вешаюць у знак салідарнасці з сябрамі ЕТА ў турмах, дзе тых, дарэчы, аж 740 чалавек. На думку ўладаў, падобная прадукцыя — выключна “праслаўленне тэрарызму. Цяпер Ertzaintza — рэгіянальная баскская паліцыя — толькі тым і займаецца, што змагаецца з плакатамі. Рэакцыя нацыяналістаў была адэкватнай. Цяпер яны носяць выявы вязняў на майках. Які фінал будзе мець вайна з плакатамі, пакуль цяжка сказаць. Шмат залежыць ад суда над хлопцам якраз за тое, што ён насіў майку з выявай аднаго з вязняў.