З-за выбуху на мосце праз Ніягару закрыты памежны пераход паміж ЗША і Канадай

Учора, 22 лістапада, на кантрольна-прапускным пункце на амерыканскім баку амерыкана-канадскага моста ў Ніягара-Фолс выбухнуў аўтамабіль. Улады закрылі гэты памежны пераход і тры іншыя паміж Нью-Ёркам і Антарыа. Міжнародны аэрапорт «Бафала» закрыты для ўсіх рэйсаў. Ці было гэта тэрактам?

niahara_mjaza_ng.jpg

Выбух аўтамабіля на мосце на Ніягары прывёў да закрыцця мяжы паміж ЗША і Канадай.

Аўтамабіль выбухнуў на мосце, які злучае Канаду з ЗША на Ніягарскім вадаспадзе, загінулі два чалавекі. Улады закрылі памежны пераход, дзе адбыўся выбух, і тры іншыя паміж Нью-Ёркам і Антарыа, паведамляе «Reuters».

Расследаваннем інцыдэнту, па словах губернатара Нью-Ёрка Кэці Хокул, занялася Аб'яднаная аператыўная група ФБР па барацьбе з тэрарызмам. У аэрапортах і на чыгунках рэгіёна, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Ніягарскага памежнага транзітнага кіравання, былі ўзмоцнены меры бяспекі. Міжнародны аэрапорт «Бафала» закрыты для ўсіх міжнародных рэйсаў (для тых, што вылятаюць і што прыбываюць), паведаміла Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне на сваім вэб-сайце.

Улады Нью-Ёрка заявілі пра адсутнасць прыкмет тэракту ў выбуху на мосце з КПП

Губернатар Нью-Ёрка Кэці Хокул заявіла, што ўлады не ўбачылі прыкмет тэрарыстычнай дзейнасці ў аварыі і выбуху аўтамабіля на мосце праз Ніягару на мяжы ЗША і канадскага Антарыа. У выніку інцыдэнту загінулі два жыхары заходняй часткі Нью-Ёрка, адзін памежнік атрымаў нязначныя траўмы.

Губернатар Нью-Ёрка Кэці Хокул і пракурор заходняй часткі Нью-Ёрка Трыні Рос на прэс-канферэнцыі заявілі, што, паводле папярэдніх звестак, аўтамабільная аварыя і выбух на памежным мосце ля Ніягарскага вадаспада не былі тэрарыстычнай атакай. 

«Зыходзячы з таго, што мы ведаем на бягучы момант, у гэтай аварыі няма ніякіх прыкмет тэрарыстычнай дзейнасці», — сказала Кэці Хокул.

Шэрыф акругі Эры Джон Гарсія на сумеснай прэс-канферэнцыі з пракурорам Росам сказаў: «Мы можам працягваць жыць сваім жыццём». 

У выніку выбуху аўтамабіля Bentley на мосце на Ніягары загінулі два чалавекі і былі закрыты чатыры памежныя пункты (масты) у гэтым раёне, паведамілі ў адміністрацыі губернатара Нью-Ёрка. 

Інцыдэнт выклікаў занепакоенасць па абодва бакі мяжы, аб ім паведамілі прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і прэм'ер-міністру Канады Джасціну Трудо. Асобы тых, хто знаходзіўся ў машыне, не выдаюцца. Хокул на прэс-канферэнцыі сказала, што незразумела, ці наўмысна кіроўца-жыхар заходняй часткі Нью-Ёрка накіроўваўся да моста, які перасякае раку Ніягара.

Двое загінулых былі мужам і жонкай, па словах чалавека, праінфармаванага аб ходзе расследавання, які пагаварыў з «Associated Press» на ўмовах ананімнасці, паколькі не быў упаўнаважаны выдаваць інфармацыю аб загінулых людзях. Мэцью Міраглія, спецыяльны агент ФБР, які адказвае за Бафала, сказаў, што следчыя пакуль не знайшлі ніякай падазронай інфармацыі пра кіроўцу. «Мы праглядаем яго сацыяльныя сеткі. Там нічога няма», — адзначыў ён.

Хокул распавяла на прэс-канферэнцыі, што машына ў выніку «практычна згарэла»: ад яе не засталося нічога, акрамя рухавіка, а абломкі былі раскіданы па пляцоўцы КПП. Губернатарка назвала відэа, на якім аўтамабіль узляцеў у паветра, «абсалютна сюррэалістычным». Работніку мытні і памежнай службы, які знаходзіўся ў будцы КПП, аказалі медыцынскую дапамогу ў бальніцы і адпусцілі, дадала Хокул.

niahara_most.jpg
  • Вясёлкавы мост і тры іншыя масты паміж Заходнім Нью-Ёркам і Антарыа былі хутка закрыты ў якасці меры засцярогі, тры масты пазней адкрыліся зноў. Міжнародны аэрапорт «Бафала» пачаў праверку бяспекі ўсіх аўтамабіляў і папярэдзіў пасажыраў аб неабходнасці дадатковых праверак. Меры бяспекі абмежавалі рух у аэрапорце і ў іншых месцах напярэдадні Дня падзякі.
  • Па даных Нацыянальнай інвентарызацыі мастоў Федэральнага ўпраўлення аўтамабільных дарог ЗША, па Вясёлкавым мосце штодня праязджае каля 6000 аўтамабіляў, каля 5% прыпадае на грузавікі. Працягласць моста, пабудаванага ў 1941 годзе, 439 метраў, а асноўны пралёт зроблены са сталі.

Паводле «Forbes»