Законапраект пра сэкс з непаўналетнімі ў Турцыі адпраўлены на дапрацоўку

Пратэсты насельніцтва і крытыка з боку праваабарончых арганізацый вымусілі турэцкія ўлады перагледзець праект закона аб легалізацыі сэксу з непаўналетнімі ў асобных выпадках.

Пратэст жаночых праваабарончых арганізацый перад будынкам турэцкага парламента

Пратэст жаночых праваабарончых арганізацый перад будынкам турэцкага парламента


Пасля шматлікіх пратэстаў у Турцыі кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця (ПСР) адклікала скандальны законапраект, які тычыцца сэксуальных злачынстваў супраць непаўналетніх. Прэм'ер-міністр краіны Біналі Йылдырым у аўторак, 22 лістапада, заявіў, што праект адпраўлены на дапрацоўку ў адпаведную камісію, у якую ўваходзяць прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі і іншых грамадскіх груп. Першапачаткова меркавалася, што ў другім чытанні парламент прагаласуе за яго 22 лістапада.


Пратэсты на вуліцах і ў інтэрнэце

Тысячы людзей у розных гарадах Турцыі з 19 лістапада выходзяць на дэманстрацыі пратэсту супраць законапраекта, які прадугледжвае ў асобных выпадках вызваленне ад пакарання мужчын, якія ўчынілі сексуальныя злачынствы супраць непаўналетніх, да прыкладу калі гвалтаўнік затым ажэніцца на сваёй ахвяры і калі палавы акт адбыўся «без прымусу, пагроз і гвалту», цытуе агенцтва AFP тэкст законапраекта, прынятага ў першым чытанні 17 лістапада.
Акрамя шматтысячных вулічных пратэстаў, каля 750 тысяч чалавек падпісалі інтэрнэт-петыцыю супраць законапраекта. Яго таксама раскрытыкавалі праваабарончая арганізацыя Amnesty International і міжнародны дзіцячы фонд ААН ЮНІСЕФ. «Гэтыя ганебныя формы гвалту ў дачыненні да дзяцей з'яўляюцца злачынствамі, якія ў любым выпадку павінны карацца», — заявіў прадстаўнік ЮНІСЕФ Крыстаф Бульерак. З пункту гледжання ААН, падобны закон стаў бы «свайго роду амністыяй» вінаватых у гвалтаванні непаўналетніх, падкрэсліў ён.


«Суровая рэчаіснасць»


Калі закон прымуць, ён уступіць у моц неадкладна і будзе дзейнічаць заднім лікам. Турэцкія ўлады настойваюць на тым, што ў законапраекце гаворка ідзе не пра гвалтаўнікоў і што шлюбы з непаўналетнімі ў Турцыі — суровая рэчаіснасць. Калі ў такім шлюбе нараджаецца дзіця, лекары абавязаны паведаміць пра гэта ў пракуратуру, пасля чаго мужчыну пагражае турэмнае зняволенне. У дадзены момант у краіне налічваецца каля 3000 такіх выпадкаў.
Па законе, мінімальны ўзрост заключэння шлюбу ў Турцыі з дазволу бацькоў — 17 гадоў. Ва ўсходніх частках краіны дзяўчаты часта ўступаюць у шлюб у больш раннім узросце.
Паводле Нямецкай хвалі