Зяленскі паўтарыў «подзвіг Галабародзькі». Ці выбярэцца, як серыяльны герой?

Калі вы думаеце, што ўжо асэнсавалі пятнічную сварку Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага, наўрадці гэта сапраўды так. У поўнай меры важнасць гэтай перапалкі мы ўсвядомім толькі тады, калі зразумеем усе яе наступствы. А пакуль канстатуем: прэзідэнт Украіны патрапіў у дужа цяжкае становішча.

Уладзімір Зяленскі ў ролі Васіля Галабародзькі. Фота з okko.tv

Уладзімір Зяленскі ў ролі Васіля Галабародзькі. Фота з okko.tv

На пачатку палітычнай кар’еры Зяленскага часта параўноўвалі з адным чалавекам, існым толькі на экране. Галоўны герой серыялу «Слуга народа» сапраўды даў цяперашняму ўкраінскаму прэзідэнту зялёнае святло ў палітыку. Васіля Галабародзьку не варта параўноўваць з акторам, які сыграў ягоную ролю, але экранны кіраўнік Украіны патрапіў у сітуацыю, падобную да пятнічнай. 

Паводле сюжэту другога сезону «Слугі народа», Украіна жадала атрымаць ад МВФ крэдыт на $15 мільярдаў. І ўжо на самім падпісанні пагаднення крэдыторы агучылі дадатковыя сакрэтныя ўмовы: дзеля атрымання грошаў украінцы мусілі прыняць некалькі рашэнняў, якія зруйнуюць іхную экалогію і паставяць у моцную залежнасць ад Захаду. Замест прыняцця такіх правілаў гульні прэзідэнт Галабародзька перад камерамі паслаў кіраўніка МВФ…хм… у мяккае месца. 

Кінагерою Зяленскага было яшчэ больш цяжка, ніж сапраўднаму ўкраінскаму прэзідэнту. Ад яго адвярнулася Вярхоўная Рада, яго крытыкавала Еўропа, свой народ і нават некаторыя бліжэйшыя паплечнікі. Ад Галабародзькі патрабавалі выбачэнняў і заключэння пагаднення з МВФ. Ці стаў ён гэта рабіць? Не. Слуга народа распачаў маштабную рэформу дзяржапарату і барацьбу з карупцыяй. Замест прашэння крэдытаў ён сканцэнтраваўся на ўнутраных праблемах. 

На язык так і просіцца: «Дык вось яно — выйсце для Зяленскага!» Сканцэнтравацца на ўнутраных праблемах, узмацніць УСУ, ваенную прамысловасць да такой ступені, каб не было чаго і шкадаваць пра патэнцыйныю страту дапамогі ЗША. Але, на жаль, жыццё не кіно — яно не дае такіх лёгкіх рэцэптаў. Ажыццявіць такое ў рэчаіснасці не атрымаецца, бо ніякія істотныя рэформы ў час вайны проста немагчымыя. 

Лінію паводзінаў Зяленскага максімальна палярна ацэньваюць па ўсім сусвеце. Цяпер відавочна адно: Украіна блізкая да страты свайго галоўнага ваенна-палітычнага хаўрусніка.

«Зяленскі малайчына, ён адказаў. [Паўза.] Але цяпер мы ў поўнай дупе», — цытуе Time ананімнага ўкраінскага палкоўніка. 

Паводле гэтага афіцэра, Украіна аказалася там, куды пасылаў МВФ Васіль Галабародзька. Ці здолее Зяленскі выйсці з сітуацыі, як ягоны кінагерой?