Злачынца, найміт, дэзерцір, былы баец ПВК «Вагнер». Хто расстраляў паліцэйскіх у Навашахцінску?
У Навашахцінску Растоўскай вобласці паліцэйскія затрымалі чалавека, які напярэдадні расстраляў паліцэйскіх з кулямёта. Па даных СМІ, ім аказаўся былы зняволены, які ўступіў у ПВК «Вагнер».

Ілюстрацыйнае фота
«Злачынец затрыманы. У выніку зладжаных аператыўна-вышуковых дзеянняў яго знайшлі ў пустым будынку пад Навашахцінскам. Праводзяцца следчыя дзеянні», — цытуе ВВС губернатара Растоўскай вобласці Васіля Голубева.
Тэлеграм-канал «Baza» піша, што затрыманы раней адбываў тэрмін за рабаванне ва Уфімскай калоніі. Там ён быў завербаваны ў ПВК «Вагнер» для ўдзелу ў вайне ва Украіне. 24 лістапада ён перадумаў ваяваць і збег.
Напярэдадні паведамлялася, што ў Навашахцінску мужчына ў камуфляжнай форме са зброяй адкрыў стральбу з кулямёта па паліцэйскім патрулі. Ён параніў аднаго паліцэйскага. На час яго пошукаў у горадзе спынілі рух грамадскага транспарту на некалькіх маршрутах, грамадзян заклікалі не выходзіць на вуліцы, папрасілі забраць дзяцей з садкоў і навучальных устаноў.
Кіраўнік групы наймітаў ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын адкрыта вярбуе зняволеных на вайну ва Украіне ад сярэдзіны верасня. Раней ён адпрэчваў сваю датычнасць да ПВК.

Па даных на пачатак лістапада, на вайне загінулі больш за 500 расійскіх зняволеных, паведамляла выданне «The Insider».