ЗША не стануць удзельнічаць у наступальных дзеяннях Ізраіля супраць Ірана
Джо Байдэн заявіў прэм'ер-міністру Ізраіля Нетаньяху, што ЗША не будуць удзельнічаць у наступальных дзеянняхсупраць Ірана, і параіў Ізраілю лічыць сябе пераможцам ды не адказваць на агрэсію. Аднак прэзідэнт Ізраіля папярэдзіў, што супрацьстаянне з Іранам «яшчэ не скончанае».
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і высокапастаўленыя прадстаўнікі нацыянальнай бяспекі ЗША заявілі сваім ізраільскім калегам, што ЗША не будуць удзельнічаць ні ў якіх наступальных дзеяннях супраць Ірана, паведамляе CNN са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, знаёмых з гэтым пытаннем. Пра гэта таксама піша Axios са спасылкай на ўласную крыніцу ў Белым доме, адзначае «Голас Амерыкі».
Байдэн сказаў ізраільскаму прэм'ер-міністру падчас тэлефоннай размовы, што той павінен лічыць суботу перамогай, таму што атакі Ірана былі ў значнай ступені няўдалымі і прадэманстравалі перавагу ізраільскіх вайскоўцаў, сказаў CNN высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі.
Прэс-сакратар Белага дома па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі заявіў у нядзелю, што здольнасць прадухіліць велізарны ўрон з'яўляецца дэманстрацыяй «ваеннай перавагі» Ізраіля і доказам таго, што Іран не з'яўляецца «ваеннай сілай, якой ён сябе лічыць».
«Гэта быў неверагодны поспех, які сапраўды даказаў ваенную перавагу Ізраіля і, што не менш крытычна, яго дыпламатычную перавагу, што ў іх ёсць сябры ў рэгіёне, што ў іх ёсць сябры па ўсім свеце, якія жадаюць ім дапамагчы», — сказаў Кірбі ў праграма CNN «Становішча».
Па словах іншага амерыканскага чыноўніка, як паведамляе CNN, міністр абароны Лойд Осцін папрасіў свайго ізраільскага калегу, міністра Ёава Галанта, інфармаваць ЗША аб любой патэнцыйнай рэакцыі на напад Ірана.
У сваёй заяве ў суботу Джо Байдэн абвясціў, што будзе кансультавацца з лідарамі краін Вялікай сямёркі (G7) аб «каардынацыі дыпламатычнага адказу на нахабную атаку Ірана».
«Я сказаў яму, што Ізраіль прадэманстраваў незвычайную здольнасць абараняцца і перамагаць нават беспрэцэдэнтныя атакі, пасылаючы ясны сігнал сваім ворагам, што яны не могуць эфектыўна пагражаць бяспецы Ізраіля», — сказаў Байдэн.
Кірбі заявіў на CNN, што напад, першы з іранскай зямлі на Ізраіль, не абавязкова павінен сігналізаваць аб пачатку больш шырокай рэгіянальнай вайны. Ён таксама адзначыў, што ЗША і Ізраіль загадзя ведалі, што плануе зрабіць Іран.
У нядзелю, 14 красавіка, Галант папярэдзіў, што супрацьстаянне з Іранам «яшчэ не скончана». Чакаецца, што варыянты рэагавання краіны будуць дэталёва абмеркаваныя падчас пасяджэння ваеннага кабінета Ізраіля.
Камандуючы Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана Хасейн Саламі папярэдзіў, што Тэгеран адкажа наўпрост, калі Ізраіль пачне помсціць, і заявіў, што было створана «новае ўраўненне».