Журналістам расійскіх дзяржаўных СМІ забаранілі называць «Талібан» «забароненай у Расіі арганізацыяй»

Супрацоўнікам дзяржаўнага расійскага мэдыяхолдынга «Россия сегодня» забаранілі называць «Талібан» забароненай у Расіі арганізацыяй. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал «Осторожно, новости» са спасылкай на ліст кіраўніцтва.

0fe40e73_72ea_4b99_8769_65336beedef5_w1023_r1_s.jpg

Супрацоўнік РІА «Новости» пацвердзіў каналу «Можем объяснить», што атрымаў такі ліст.

«Калегі, з сённяшняга дня перастаем даваць «Талібан» як забароненую ў Расіі арганізацыю. Пішам з зорачкай «Арганізацыя знаходзіцца пад санкцыямі ААН за тэрарыстычную дзейнасьць», — гаворыцца ў апублікаваным скрыншоце.

Паведамляецца, што РІА «Новости» і RT ужо выкарыстоўваюць новую фармулёўку.

«Талібан» рашэннем Вярхоўнага суда РФ у 2003 годзе прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй і забаронены на тэрыторыі Расіі. У сярэдзіне жніўня талібы падчас імклівага наступу ўзялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістана, без бою захапіўшы сталіцу і найбуйнейшы горад Кабул.

Краіны Захаду не прызнаюць «Талібан» законным урадам Афганістана. У кастрычніку на пленарнай сэсіі дыскусійнага клюба «Валдай» прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія будзе імкнуцца да выключэння руху «Талібан» са спіса забароненых тэрарыстычных арганізацый. Пры гэтым ён сказаў, што найперш гэта павінна зрабіць Рада Бяспекі ААН.

Расійскія ўлады не прызнаюць рух афіцыйна, але рэгулярна праводзяць сустрэчы з талібамі ў Маскве.
Паводле «Свабоды».