Дзеячу беларускай эміграцыі Антону Шукелойцю споўніўся 101 год
Дзеячу беларускай эміграцыі, што пражывае ў Нью-Ёрку, Антону Шукелойцю споўніўся 101 год.
![Антон Шукелойць 4 ліпеня 2016 г., фота Віталя Зайкі Антон Шукелойць 4 ліпеня 2016 г., фота Віталя Зайкі](/img/v1/userfiles/images/szuk160719_kwxu0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Антон Шукелойць 4 ліпеня 2016 г., фота Віталя Зайкі
Антон Шукелойць нарадзіўся ў 1915 г. на Ашмяншчыне, скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. Пасля прыходу саветаў працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне быў загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.
![szuk2_160719_604pr.jpg szuk2_160719_604pr.jpg](/img/v1/userfiles/images/szuk2_160719_604pr.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Віталь Зайка і Антон Шукелойць, фота В. Зайкі
Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Мінскай гарадской управы, быў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея. З лета 1944 г. на эміграцыі.
У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, шматгадовы старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва.
Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус».
У мінулым годзе яго 100-годдзе шырока адзначалася ў Нью-Ёрку.
"Наша Ніва"