КНДР. Новыя ракетныя выпрабаванні
Паўночная Карэя ажыццявіла запуск трох балістычных ракет у бок Японскага мора. Гэтыя ракеты здольныя дасягнуць тэрыторыі Паўднёвай Карэі, паведамляюць паўднёвакарэйскія вайскоўцы.
Ракеты стартавалі з тэрыторыі правінцыі Хванхэ-Пукто на поўдні КНДР, паведамілі ў Аб'яднаным камітэце начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі. Як мяркуецца, гаворка ідзе пра мадыфікаваныя ракетныя сістэмы на аснове састарэлых савецкіх ракет Р-17 (або Scud паводле класіфікацыі НАТО), адзначае www.dw.com
Ракеты пераадолелі дыстанцыю ад 500 да 600 км, чаго, па словах паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў, дастаткова, каб дасягнуць любога аб’екта на тэрыторыі краіны.
Чарговы запуск адбыўся пасля таго, як у пачатку ліпеня ЗША і Паўднёвая Карэя абвясцілі, што дамовіліся пра разгортванне супрацьракетнай сістэмы на Карэйскім паўвостраве, накіраванай супраць пагрозы з боку КНДР, адзначае ВВС.
Стратэгічнае камандаванне ЗША пацвердзіла запуск трох ракет на поўначы КНДР. Паводле дадзеных амерыканскіх ваенных, спачатку адна за адной былі запушчаныя дзве тактычных балістычных ракеты тыпу Scud, затым прыкладна праз гадзіну — балістычная ракета сярэдняй далёкасці.
9 ліпеня КНДР ажыццявіла запуск балістычнай ракеты з падводнай лодкі. Да гэтага выпрабаванні балістычных ракет сярэдняй далёкасці адбываліся ў чэрвені.
Выпрабаванні КНДР парушаюць рэзалюцыі Савета бяспекі ААН. Нагадаем, 2 сакавіка Савет бяспекі ўвёў самыя жорсткія за 20 гадоў санкцыі супраць КНДР у сувязі з ядзернымі і ракетнымі выпрабаваннямі. 16 сакавіка новыя санкцыі супраць Пхеньяна ўвёў прэзідэнт ЗША Барак Абама. 4 сакавіка Кім Чэн Ын заявіў пра перагляд ваеннай дактрыны КНДР і аддаў загад пра гатоўнасць ужыць ядзерную зброю "ў любы момант".