Севярынец: камуністычныя карані па-ранейшаму даюць свае атрутныя ўсходы (відэа)
Курапаты з’яўляюцца знакавым для Беларусі і яе адраджэння месцам. Аднак прадстаўнікі сённяшняй улады ўсяляк хочуць засланіць іх рознымі будоўлямі і аб’ектамі, у тым ліку забаўляльнымі і недапушчальнымі.
Пра гэта ў сваім відэазвароце заявіў сустаршыня Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Зварот быў запісаны да яго затрымання
12 сакавіка.
Прычыны такіх дзеянняў уладаў сустаршыня БХД бачыць у тым,
што “большасць прадстаўнікоў сённяшняй
улады атаясамляе сябе не з тымі людзьмі, якіх стралялі, а з тымі людзьмі, хто страляў”.
“Для іх людзі з НКВД — героі”, — адзначыў ён, прыгадаўшы і міністра ўнутраных
спраў Ігара Шуневіча — аматара апранацца ў форму НКВД, якога “сотні тысяч ахвяраў камуністычнага тэрору не
бянтэжаць”.
“У нас ставяцца помнікі Леніну. У нас функцыянуе
лінія Сталіна — чалавека, які выкараняў і Царкву, і веру, і беларускасць, і
людства проста ў беларусах і жыхарах 1/6 часткі сушы. І, на жаль, гэтыя
глыбокія камуністычныя карані па-ранейшаму даюць свае атрутныя ўсходы”, — падкрэсліў Павел Севярынец.
Паводле яго, Беларусі бракуе ўсенароднага пакаяння за грахі
камунізму і ўсенароднага асуджэння камуністычнай ідэалогіі, як гэта было з
нацызмам у Нямеччыне. Камуністычная ідэалогія, якая прывяла да дзясяткаў
мільёнаў ахвяраў па ўсім свеце, працягвае заставацца значнай часткай дзяржаўнай
ідэалогіі, што “яшчэ раз падкрэслівае
беззаконнасць і бязбожнасць сённяшняга рэжыму”. “Яшчэ раз падкрэслівае, што
веруючыя людзі, святары проста абавязаныя казаць беларусам у твар: трэба
пакаяцца ў злачынствах камунізму, трэба асудзіць злачынствы камунізму, трэба
выракацца гэтага зла”, — дадаў сустаршыня БХД.