Агенцтва «Fitch» панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі да пераддэфолтнага
Рэйтынгавае агенцтва «Fitch» панізіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, паведамляецца на сайце арганізацыі.
Узровень ССС па шкале «Fitch» азначае: «Істотная крэдытная рызыка. Вельмі нізкі запас трываласці. Рэальная магчымасць дэфолту».
Эксперты агенцтва адзначылі, што новыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі з-за ўдзелу ў расійскім уварванні ва Украіну, а таксама цесныя эканамічныя і фінансавыя сувязі з РФ, ствараюць істотныя рызыкі для макрафінансавай стабільнасці і спараджаюць сумневы ў тым, што Беларусь зможа выканаць свае знешнія абавязацельствы.
Новыя санкцыі ЗША і ЕС закрываюць ранейшыя шчыліны. Акрамя таго, ёсць высокая рызыка далейшага ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў. Агенцтва чакае зніжэння курсу беларускага рубля, а таксама скарачэння эканамічнага росту.
«Аслабленне беларускага і расійскага рублёў будзе падсілкоўваць інфляцыю, якая з верасня 2021 года вымяраецца двухзначнымі лічбамі», — паведамляе «Fitch».
Раней яшчэ адно рэйтынгавае агенцтва, «S&P», панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі да ўзроўню ССС.