Анатоль Шумчанка: Продажы тавараў знізіліся на 70 адсоткаў

Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавядае, чаму іх арганізацыя выступіла супраць увядзення крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў за непадаванне першасных уліковых дакументаў, а таксама пра незайздроснае становішча ІП-эшнікаў.



a534a2c1_5bd2_48bb_ac98_1190f2d5203c_cx2_cy8_cw82_mw1024_s_n_r1.jpg

Анатоль Шумчанка

Нагадаем, “Перспектыва” накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот, у якім выступае супраць увядзення крымінальнай адказнасці для прадпрымальнікаў за непадаванне першасных уліковых дакументаў.

„РГА „Перспектыва” стала вядома аб згубнай і неадэкватнай па сваёй сутнасці ініцыятыве аднаго з ведамстваў вышэйшай выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь адносна працы бізнесу ў нашай дзяржаве”, — гаворыцца ў звароце аб’яднання, тэкст якога быў размешчаны на яго сайце.

— Пакуль ніякага адказу на наш зварот няма, але рэакцыя была, калі чыноўнікі прызналі, што нешта накшталт такога дакумента распрацоўваецца, — кажа Анатоль Шумчанка. — Маўляў, размова ідзе пра бухгалтараў, якія наўмысна знішчаюць некаторую дакументацыю, каб нешта там схаваць. Ужо добра, што з’явілася пэўная інфармацыя.

— Калі ўвядуць крымінальную адказнасць…

— Ініцыятыва проста жудасная! У краіне і без таго дзелавы клімат не на ўзроўні, а пасля таго, як увядуць крымінальную адказнасць, і наогул можа сысці на нуль. Асабліва зараз, калі ІП-эшнікі з 1 студзеня павінны перабудавацца.

— Кажуць, што многія прадпрымальнікі спыняюць працу. Гэта так?

— Ні ў каго няма гандлю, продажы катастрафічна знізіліся — адсоткаў на 70. Такога яшчэ ніколі не было! Усе павінны грошы пастаўшчыкам, знаёмым… Хоць стараюцца нейкім чынам працаваць, скарачаючы гандлёвыя крокі, людзей. Але сітуацыя складаная. А з кастрычніка ў чарговы раз павялічыцца падатковая нагрузка. Між тым, нізкая пакупальніцкая здольнасць насельніцтва не дазваляе акупляць усе гэтыя выдаткі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя