«Бела-кола» мае намер замяніць «Кока-колу» на расійскім рынку. Прадукт назвалі інавацыйным
Замест амерыканскага напою Coca-Сola цяпер у Расеі будуць прадаваць беларускую «Бела-колу», паведамілі ў эфіры тэлеканала СТВ. Напой назвалі інавацыйным.

На дзяржаўным тэлеканале адзначылі, што беларускія прадпрыемствы адаптуюцца да працы ў новых умовах, калі на фоне зыходу з рынку РФ заходніх тавараў беларускія карыстаюцца павышаным попытам.
У эфіры паведамілі, што прадстаўнікі вялікага бізнесу саюзных дзяржаў падпісалі мемарандум аб пашырэнні дзелавых кантактаў у галіне інавацый. Адзначаецца, што беларускія вытворцы захавалі імпартныя тэхналогіі вытворчасці папулярнага напою. Абяцаюць, што па якасці беларуская «Кола» нічым не будзе саступаць заходняму аналагу.
Брэнды Pepsi і Coca-Cola ў свой час пачыналі вытворчасць у Беларусі на заводзе безалкагольных напояў і цалкам мадэрнізавалі прадпрыемства, а мясцовыя спецыялісты атрымалі вопыт і вывучылі тэхналогіі. Гэта стала базай для далейшай распрацоўкі і выпуску ўласнай лінейкі газаваных напояў.
Як паведамлялася вясной, работнікі «Гавяды-Агра» (40 км ад Магілёва), каб звесці здыхату цялят да нуля, пачалі паіць іх «Бела-колай». І ў ходзе эксперыменту прыйшлі да высновы: чым больш жывёла п'е гэтага напою, тым хутчэй набірае вагу. Ды і выглядае больш здаровай і актыўнай.