Даручэнне Лукашэнкі па памідорах выканаюць… Толькі ў 2027 годзе

Лукашэнка паставіў задачу агародніцкім прадпрыемствам, якія займаюцца «вытворчасцю гародніны закрытага грунту ў міжсезонны перыяд», забяспечыць беларусаў агуркамі і памідорамі. Наконт агуркоў чыноўнікі далі справаздачу яшчэ ў лютым. А вось з памідорамі так хутка не атрымалася.

_belarus_zyccjo_rynak_ekanomika_handal_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Агуркоў у цяпліцах іх вырасцілі нават зашмат, і даводзіцца лішак прадаваць за мяжу. А з памідорамі бяда. Намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў, што даручэнне Аляксандра Лукашэнкі па памідорах выканаюць толькі ў... 2027 годзе, піша «Еўрарадыё». 

Заяц кажа, што адно з прадпрыемстваў «сёлета ўпершыню... асвоіла тэхналогію... вытворчасці таматаў у абароненым грунце». Ці атрымаецца да 2027-га, Леанід Заяц таксама не зусім упэўнены, бо толькі «спадзяецца».

І гэта яшчэ не самы далёкі тэрмін. Напрыклад, гендырэктар «МотаВелаЗавода» збіраецца парадаваць Лукашэнку толькі ў 2029 годзе, паабяцаўшы «ўзровень лакалізацыі вытворчасці не менш за 50 адсоткаў».