Эсперты: Ідэя аб пошліне на выезд за мяжу рэалізаваная не будзе

Эканамісты лічаць, што ідэя кіраўніка дзяржавы ўвесці пошліну для грамадзян Беларусі, якія выязджаюць за мяжу па пакупкі, рэалізаваная не будзе.



karavan.jpg

Нагадаем, з гэтай ініцыятывай Аляксандр Лукашэнка выступіў 6 верасня падчас наведвання сталічнага ААТ «Мотавела». «Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да 3 мільярдаў долараў за год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і прывозяць тавары, якія мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў, аж да таго, што выязджаеш за межы, няважна па што, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 долараў з носу плаці і едзь за мяжу. Тады ён прыйдзе ў наш магазін і купіць наш халадзільнік, а не будзе цягнуць з Еўрасаюза барахло невядома якой вытворчасці. А яны там будуць сядзець паціраць рукі — 3 мільярды долараў вывезлі ім туды грошай, у іх развіваецца гандаль, вытворчасць, а мы цялёпкаемся тут, як дурні», — сказаў Лукашэнка.
Каментуючы па просьбе БелаПАН гэтую ідэю, намеснік старшыні ГА «Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя» (БНПА) Георгій Грыц заявіў, што не толькі выступае супраць такой меры, але і не разумее яе.
На яго думку, выказванне кіраўніка дзяржавы выкліканае тым, што ў Беларусі «фарміруецца адмоўнае гандлёвае сальда, а спажывецкі імпарт перавышае экспарт аналагічнай прадукцыі па-за тэрыторыяй Беларусі (паводле звестак Белстата, за першае паўгоддзе адмоўнае знешнегандлёвае сальда гандлю таварамі дасягнула 2,2 млрд. долараў ЗША. — БелаПАН.)».
«Але гэта не метад [вырашэння праблемы], — сказаў Грыц у інтэрв’ю БелаПАН. — Тым болей што ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы падатковая палітыка павінна быць узгодненай, а не, мякка кажучы, экзатычнай».
Намеснік старшыні БНПА перакананы, што гэтая ідэя рэалізаваная не будзе.
З ім згодны і эксперт «Ліберальнага клуба» Антон Балточка.
«Думаю, што саветнікі будуць тлумачыць Лукашэнку згубнасць такіх дзеянняў, бо гэта фактычна прывядзе да таго, што ценявая эканоміка ў Беларусі ўзрасце. Ды і вельмі цяжка на мяжы пракантраляваць, хто і куды выязджае», — адзначыў ён.
Балточка выказаў меркаванне, што, з аднаго боку, такое выказванне можа быць выкліканае «нейкім эмацыянальным станам кіраўніка краіны».
«Мы бачым, што тыя нюансы, якія цяпер адбываюцца ў цэлым — „Уралкалій“ і да т.п., — выклікаюць рэакцыйныя дзеянні ў кіраўніка дзяржавы. Прыгадаем тую ж дрэваапрацоўчую прамысловасць, калі ён прыняў указ, які фактычна забараняе звальненне і да т.п. Гэта таксама было рэакцыйнае дзеянне», — лічыць эксперт.
Падобную прапанову прэзідэнта ён звязвае з негатыўнымі тэндэнцыямі ў эканоміцы, у тым ліку з памяншэннем золатавалютных рэзерваў, якія, паводле звестак Нацбанка, толькі ў жніўні скараціліся на 215 млн. долараў.
«Трэба ўтрымліваць валюту. Тут адбыўся такі мікс эмацыянальнага стану з аб’ектыўнымі эканамічнымі звесткамі, і ў выніку Лукашэнка заявіў, што трэба рабіць падобныя захады», — лічыць Балточка.
У сваю чаргу юрыст Сяргей Балыкін падкрэслівае: гэтая прапанова выглядае «даволі дзіўна і з юрыдычнага, і з эканамічнага, і з арганізацыйнага пунктаў гледжання».
«Перш за ўсё, узнікае пытанне: якім чынам будуць адрозніваць грамадзян, якія выязджаюць з турыстычнымі і культурнымі мэтамі, ад тых, хто едзе па пакупкі? Калі трэба будзе запаўняць анкету, то любы нармальны чалавек пазначыць, што ён выязджае як турыст», — адзначыў Балыкін.
Тэарэтычна, лічыць ён, можна меркаваць, што будзе ўведзены нейкі агульны збор за перасячэнне мяжы. «У нас калісьці было дазволена мясцовым органам улады ўводзіць свой мясцовы падатак на перасячэнне мяжы, і нейкія нязначныя сумы ўключаліся ў кошт білетаў. Могуць і цяпер увесці і нейкія вялікія сумы. Але тады мы, па-першае, пакладзем нашу турыстычную і транспартную галіны, а па-другое — пакажам усяму свету сваю дзікасць і нецывілізаванасць», — заўважыў юрыст.
Пры гэтым Балыкін мяркуе: нават калі такі збор будзе ўведзены, ён не выкліча моцнага абурэння ў беларускіх грамадзян.
«Прыцерпяцца. І будуць ездзіць па тавары не ў ЕС, а ў Расію. А забараніць увоз тавараў, выпушчаных на тэрыторыі Мытнага саюза, беларуская ўлада не зможа», — дадаў эксперт.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, колькасць паездак грамадзян Беларусі за мяжу ў першым паўгоддзі 2013 года склала 3,8 млн. і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га павялічылася на 9%.
1,6 млн. паездак беларусы ажыццявілі ў Польшчу, 688,8 тыс. — у Літву, 72 тыс. — у Латвію, 40 тыс. — у Турцыю, 20,5 тыс. — у Германію, 16,5 тыс. — у Італію, 12,7 тыс. — у Аўстрыю, 10,9 тыс. — у Егіпет, 6,1 тыс. — у Чэхію, па 1 тыс. — у Сербію, Славакію і Эстонію.
belapan.by