Фінансавая міліцыя памежных рэгіёнаў: Металалом і мяса — самыя папулярныя тавары кантрабанды
Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гомельскай вобласці праводзіць пастаянны маніторынг памежных з Расіяй раёнаў, а таксама праводзіць комплекс аператыўна-вышуковых і кантрольных мерапрыемстваў, скіраваных на спыненне незаконнага перамяшчэння і вывазу за межы Беларусі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, не ўцягнутых у легальны тавараабарот.
Паводле інфармацыі прэс-службы КДК, па-ранейшаму папулярныя вываз лому і адходаў каляровых і чорных металаў асобамі, якія ажыццяўляюць іх незаконную нарыхтоўку, збор, захоўванне і транспарціроўку, з
мэтай далейшай рэалізацыі на тэрыторыі РФ.
Так, падчас правядзення кантрольных мерапрыемстваў на прасёлачнай дарозе ў Веткаўскім раёне прадухілена спроба вывазу партыі лому каляровых і чорных металаў агульнай вагой больш за 8 тон і коштам
больш за 62 млн. рублёў. Металалом перавозіўся ў чатырох мікрааўтобусах, якімі кіравалі жыхары Гомеля, што раней пападалі ў поле зроку праваахоўных органаў за занятак незаконнай нарыхтоўкай і
транспарціроўкай металалому. Акрамя таго, гэты лом не ўваходзіць у пералік прадметаў з чорных і каляровых металаў, закупку якіх дазволена ажыццяўляць у насельніцтва ў якасці
металалому.
У дачыненні да гамяльчан складзены чатыры пратаколы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, адказнасць за якое прадугледжана часткай 1-1 артыкула 12.7 КоАП. Канфіскаваны металалом, а таксама
транспартныя сродкі арыштаваныя. Пратаколы накіраваныя ў эканамічны суд, які пастанавіў накласці на правапарушальнікаў адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ад 12 да 40 базавых велічынь з
канфіскацыяй у даход дзяржавы канфіскаванага металалому. Цяпер металалом вернуты ў даход дзяржавы, сумы штрафаў выплачаны ў бюджэт.
Як адзначылі ў прэс-службе КДК, апошнім часам фінансавая міліцыя ўсё часцей сутыкаецца і з фактамі транспарціроўкі ў Расію прадуктаў харчавання, легальнасць паходжання якіх выклікае сумненне. Як
правіла, на такія прадукты адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць якасць тавараў.
Напрыклад, супрацоўнікамі УДФР КДК па Гомельскай вобласці ў Веткаўскім раёне на аўтадарозе, якая вядзе ў Расію, быў спынены для агляду грузавы аўтамабіль, арандаваны суб'ектам гаспадарання з
Брэсцкай вобласці. Работнікам фінансавай міліцыі былі прадстаўлены дакументы, якія сведчылі пра перавозку мяса ялавічыны агульнай вагой 9,5 тоны ў адну з памежных вёсак Веткаўскага раёна. Аднак
далейшыя праверачныя мерапрыемствы паказалі, што прадстаўленыя дакументы не адпавядаюць рэчаіснасці. Тавар агульнай вагой больш за 10 тон, коштам 220 млн. рублёў, а таксама транспартны сродак
арыштаваны.
У дачыненні да суб'екта гаспадарання, які парушыў парадак транспарціроўкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, складзены пратакол на падставе часткі 4 артыкула 12.17 КоАП. Матэрыялы па гэтым
факце накіраваны ў эканамічны суд Гомельскай вобласці для разгляду.
Марына Носава, БелаПАН