Хочаце як ва Украіне? Заробкі ўкраінскіх настаўнікаў ужо вышэй, чым у Беларусі
Беларускія лекары пакуль зарабляюць больш за ўкраінскіх. Але гэта, відаць, ненадоўга.
Сярэдняя налічаная (гэта значыць, да выплаты падаткаў) па краіне заработная плата (не блытаць з медыяннай) у ліпені 2021 года склала ў Беларусі 1472 BYN, піша «Інфабанк».
Але «сярэдняя» — яна на тое і «сярэдняя», што ёсць зарплаты вышэй і ніжэй за яе. У тым ліку ў разрэзе відаў дзейнасці: у розных сектарах эканомікі і бюджэтнай сферы зарплаты могуць моцна адрознівацца.
Напрыклад, у такіх значных і важных бюджэтных сферах, са значнай колькасцю работнікаў, як адукацыя і ахова здароўя, сярэдняя — агульная па кожным сектары — зарплата менш, чым у цэлым па краіне.
Аднак і ўнутры гэтых бюджэтных сектараў існуе значная разбежка ў заробках: дзесьці заробкі вельмі малыя. А дзесьці — досыць высокія.
Якая сярэдняя зарплата ў сістэме адукацыі і аховы здароўя (з сацыяльнай дапамогай — дзейнасцю па доглядзе ў спецыяльных сацыяльных установах) была ў ліпені 2021-га і наколькі яна адрозніваецца ад сярэдняй па Беларусі, паказана на дыяграме.
Відаць, што ў ахове здароўя зарплаты прыкметна вышэй, чым у адукацыі, а сярэдняя зарплата лекараў цяпер ледзь ці не ўдвая больш, чым у настаўнікаў.
Сярэдні заробак у адукацыі прыкметна знізіўся ў доларах за апошні год: у BYN-рублях рост аказаўся меншым за рост курсу долара — з прычыны сакавіцкай і жнівеньскай дэвальвацый 2020-га. А ўмацаванне BYN-рубля, што было ў красавіку-ліпені, аказалася недастатковым для поўнага аднаўлення доларавага эквіваленту заробкаў.
Асабліва моцнае доларавае падзенне заробкаў у настаўнікаў — у палітычны крызіс пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га. Як, увогуле, і ва ўсіх катэгорый работнікаў адукацыйнай сферы.
У ахове здароўя, наадварот, сярэдняя зарплата па галіне расце хутчэй за сярэднюю па Беларусі і цяпер стала як ніколі блізкая да яе. А ў лекараў зарплаты ўжо, у сярэднім, нашмат больш за агульную па краіне, і яны — рэкордныя. Гэта «дзякуючы» кавід-пандэміі: медработнікі ў гэты час атрымлівалі дадатковыя грашовыя ўзнагароды.
А вось работнікам сацыяльнай дапамогі (па доглядзе за людзьмі ў спецыялізаваных установах) зарплаты застаюцца вельмі нізкімі, і ў крызіс нават трохі ўпалі ў доларавым эквіваленце, стаўшы ніжэй за $300 па сярэднегадавой лічбе.
Ва Украіне сітуацыя, з аднаго боку, такая ж: сярэдняя зарплата ў сферах адукацыі і аховы здароўя ніжэй, чым у сярэднім па краіне. Але з іншага боку, адрозніваецца: у адукацыі сярэдні заробак вышэйшы, чым у ахове здароўя (з улікам уключанай у яе сацыяльнай дапамогі).
Як бачым, ва Украіне настаўнікаў цэняць больш. Але і ў адукацыі, і ў ахове здароўя, як і ў цэлым па краіне, у ліпені 2021 года сярэдняя зарплата ва Украіне дасягнула гістарычна рэкорднага ўзроўню ў доларавым эквіваленце.
І калі сярэдняя ўкраінская зарплата (у цэлым па краіне) застаецца яшчэ ніжэй за сярэднюю беларускую, то бюджэтнікі са сферы адукацыі Украіны ўжо атрымліваюць больш за сваіх калег з Беларусі: зарплаты ў настаўнікаў ва Украіне вышэй, чым у настаўнікаў у Беларусі.
Затое ва ўкраінскай ахове здароўя заробкі намінальна, у доларах, менш, чым у беларускай.
Украінская доларавая зарплата ў сферы адукацыі абагнала па сваёй велічыні беларускую зусім нядаўна — у пачатку гэтага года (па сваім сярэднегадавым значэнні). Адрыў хутка павялічваецца. Хоць 5 гадоў таму розніца на карысць беларускай сферы адукацыі была ледзь не падвойная.
Таксама хутка растуць доларавыя заробкі ў сферы аховы здароўя Украіны, паступова даганяючы Беларусь. Але пакуль што розніца на карысць беларускіх работнікаў аховы здароўя застаецца істотнай — заробкі вышэй на 60%.
Праўда, роўна 5 гадоў таму сярэдняя зарплата ў ахове здароўя і сацыяльнай дапамогі ў Беларусі была вышэй, чым ва Украіне, у 2,5 разы.