Колькасць фальшывых долараў у Беларусі за год вырасла на 70%

Затое фальшывых расійскіх рублёў сталі выяўляць у чатыры разы менш. А падробленых беларускіх рублёў знайшлі толькі 12 купюр за ўвесь год ва ўсёй краіне.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Нацыянальны банк Беларусі падзяліўся звесткамі аб выяўленых банкаўскімі работнікамі за ўвесь 2022 год падробленых грашовых знаках – іх колькасць узрасла ў асноўным за кошт істотнага росту незаконных копій амерыканскіх банкнот, адзначае Myfin.

Паводле звестак Нацбанка, усяго ў Беларусі за мінулы год удалося выявіць 894 падробленых грашовых знака, што на 9% больш, чым у 2021 годзе.

Цікава, што колькасць выяўленых фальшывых долараў ЗША – самай папулярнай у злачынцаў валюты – у 2022 годзе вырасла на 69% (да 752 штук), прычым банкнот наміналам 100 долараў стала больш практычна ўдвая. А вось колькасць падробленых расійскіх рублёў скарацілася на 74,1% (да 76 штук, у асноўным наміналам 5 тысяч рублёў), еўра – на 27,5% (да 50 штук, па большай частцы вартасцю 50 і 100 еўра).

Таксама сярод фальшывак выявіліся і тры манеты наміналам 2 еўра.


Каля дзвюх трацін падробленых купюр знаходзілі ў сталіцы, а ў цэлым яны сустракаліся ў 2022 годзе ў 57 населеных пунктах Беларусі. Некаторыя з іх належалі да катэгорыі частковых падробак, калі на сапраўдных банкнотах мяняюць наміналы і некаторыя іншыя элементы. Частка выяўленых купюр складалі так званыя суперпадробкі высокай якасці, якія маюць максімальнае падабенства з арыгіналам у элементах абароны.

Падробленых беларускіх рублёў у нашай краіне па-ранейшаму мала. За год было выяўлена ўсяго 12 такіх купюр (колькасць вырасла на тры штукі ў параўнанні з 2021 годам), а больш за палову з іх склалі наміналы ў 50 рублёў.