Пляцоўку па зборы сродкаў MolaMola запусцілі ва Украіне

На ёй ужо распачалі 15 кампаній па пошуку фінансавання.

Скрыншот з сайта ўкраінскай версіі MolaMola са старонкі Антона Матолькі ў фэйсбуку

Скрыншот з сайта ўкраінскай версіі MolaMola са старонкі Антона Матолькі ў фэйсбуку

Як паведаміў у сваім фэйсбуку блогер Антон Матолька, запусціць пляцоўку ва Украіне планавалі яшчэ напрыканцы сакавіка, але спачатку гэтаму перашкодзілі праблемы з банкам, потым — каронавірус, а затым аднаго з сябраў каманды MolaMola Эдуарда Бабарыку разам з бацькам, кандыдатам на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам, арыштавалі і змясцілі ў СІЗА КДБ.
На ўкраінскай пляцоўцы ўжо размясцілі 15 кампаній па зборы сродкаў. Сумарная камісія банка, аплатнай сістэмы і MolaMola ва Украіне складае 1% + 5 грыўняў з кожнага плацяжу.
У Беларусі сервіс MolaMola быў запушчаны 27 сакавіка 2019 года. Гэта фандрайзінгавая платформа, адкрытая з дапамогай краудфандынгавай платформы Ulej.by, чыім фінансава-тэхналагічным партнёрам з'яўляўся «Белгазпрамбанк». Заснавальнікам Ulej.by з'яўляецца Эдуард Бабарыка.
Днём 11 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанка», які каля 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка, Камітэт дзяржкантролю правёў ператрусы, а вечарам таго ж дня праца сайта MolaMola была заблакаваная банкам.
За час існавання платформы ў Беларусі да яе далучылася больш за 60 000 аднадумцаў. Найбольш паспяховымі яе кампаніямі сталі зборы сродкаў на дапамогу ў аплаце штрафаў удзельнікам акцый супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, а таксама на дапамогу медыкам у час пандэміі каронавіруса.