Урад Украіны дазволіў скарачаць тэрмін ізаляцыі для грамадзян, якія прыехалі з Беларусі

Для гэтага ва Украіне ў сертыфікаваных цэнтрах патрэбна прайсці тэст на каронавірус, перадае Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота mtdata.ru

Ілюстрацыйнае фота mtdata.ru

Украіна змякчыла правілы ўезду на сваю тэрыторыю для грамадзян краін «чырвонай зоны» з высокімі паказчыкамі пашырэння каронавіруса, у якую ўключаная і Беларусь.
Цяпер ва Украіну могуць вольна ўязджаць грамадзяне краін Еўразвязу — Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі і іншых.

У пералік краін «чырвонай зоны» ўваходзяць Беларусь, Расія, Велікабрытанія, Швецыя, Арменія, ЗША, Бельгія, Нідэрланды, ААЭ, Іспанія, Малдова, Францыя, Канада, Італія і інш.
У «чырвоную зону» ўключаныя тыя дзяржавы, у якіх колькасць актыўных выпадкаў захворвання на COVID-19 складае больш як 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі гэты паказчык на 1 ліпеня складае 153,83.

Што трэба для ўезду ва Украіну?

Беларусы цяпер могуць ехаць ва Украіну на асабістым аўтатранспарце праз пяць пунктаў пропуску або на самалёце. Пры гэтым трэба мець з сабою дзейны пашпарт, медычную страхоўку, а ва Украіне прайсці ізаляцыю.

Як дзейнічае ізаляцыя?

Згодна з правіламі беларусы перад уездам на ўкраінскі пункт пропуску абавязаныя запамапаваць на свой смартфон дадатак «Дій вдома» (крыху больш за 13 МБ) — гэта сістэма кантролю выканання абавязкаў па самаізаляцыі на 14 дзён. Для гэтага патрэбны нумар украінскага мабільнага аператара.

На беларускім нумары скарыстацца гэтым дадаткам не выйдзе. У гэтым выпадку замест самаізаляцыі замежніка накіруюць у месца, якое вызначаць мясцовыя ўлады. Усе выдаткі, звязаныя і з ізаляцыяй, і з самаізаляцыяй, будзе аплачваць сам іншаземец.

Пры выбары самаізаляцыі ўжо на мяжы трэба паведаміць памежнікам дакладны адрас, па якім іншаземец будзе знаходзіцца бліжэйшыя 14 дзён.

Ізаляцыю можна скараціць, калі прайсці тэст

На апошнім пасяджэнні ўрад Украіны дазволіў іншаземцам скарачаць час самаізаляцыі пры ўмове праходжання тэсту. Як патлумачыў 1 ліпеня міністр аховы здароўя Украіны Максім Сцяпанаў, гэты тэст грамадзяне замежных краін павінны праходзіць за свой кошт у верыфікаваных цэнтрах і лабараторыях Украіны дзяржаўнай ці прыватнай уласнасці.

«Калі тэст адмоўны, гэтая лабараторыя паведамляе Цэнтру грамадскага здароўя, і той выключае такога іншаземца з дадатку „Дій вдома“», — дадаў міністр.

Каронавірус ва Украіне

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ва Украіне зарэгістравана 44 998 выпадкаў захворвання на COVID-19. З іх 1173 аказаліся смяротныя, а 19 548 пацыентаў пераадолелі хваробу. За мінулыя суткі зафіксавалі 664 новыя выпадкі інфікавання.

За апошні месяц паказчык захворвальнасці ва Украіне на COVID-19 павялічыўся да 58 на 100 000 насельніцтва. Пры гэтым застаецца даволі нізкім паказчык выкарыстання апаратаў ШВЛ — 6,5%.

Украіна закрыла мяжу з Беларуссю ў ноч на 16 сакавіка, і толькі ў чэрвені памежны рух часткова аднавіўся.

Алена Літвінава, svaboda.org