Праект «моцны беларускі рубель» трашчыць: інфляцыя магла быць яшчэ вышэйшая

Інфляцыя вышэйшая за 10% — апошні раз такое мы бачылі ў 2016-м. А магло быць і горш.

1615212622_25658_1.jpg


Нацыянальны банк і Белстат зрабілі справаздачу, што цяпер адбываецца з інфляцыяй. У верасні яна прабіла псіхалагічны бар’ер у 10% і разагналася роўна ў два разы вышэй 5%-га парога, які Нацыянальны банк ставіў перад сабой арыенцірам на гэты год, піша Салідарнасць, цытуючы телеграм-канал «Нашы грошы».

Апошні раз інфляцыю такога маштабу мы назіралі ў Беларусі ў снежні 2016 года (10,6%) але ўжо ў першым квартале 2017 года яна сур’ёзна ўпала і наступныя гады вагалася ад 4,1 да 6% што, вядома, значна ўмацавала давер людзей да нацыянальнай валюты.

Яны панеслі грошы ў банкі, сталі ўсё больш захоўваць іх на рахунках у беларускіх рублях. Пачалі больш актыўна выпускаць нават доўгатэрміновыя каштоўныя паперы ў беларускіх рублях, і гэтую практыку хацелі зрабіць распаўсюджанай.

Ідэі дэдаларызацыі ўжо не гучалі як здзек. Увогуле палітыка Нацбанка сябе за гэты час цалкам апраўдала.

Усё змянілася ў мінулым годзе, калі на эканамічны крызіс наклаўся крызіс палітычны, і многія рашэнні ва ўрадзе сталі прымацца не з меркаванняў логікі і здаровага сэнсу, а ва ўгоду бягучых, часам адкрыта прапагандысцкіх мэтаў.

На жаль, праект «моцны беларускі рубель» трашчыць, бо мы ў чарговы раз вяртаемся да перыяду нестабільнай эканомікі, не гледзячы на, здавалася б, спрыяльныя валютныя курсы.

Белстат раскладвае індэкс спажывецкіх цэн на харчовыя, нехарчовыя тавары і паслугі. І мы выразна бачым, што паслугі растуць не так хутка, як нехарчовыя тавары, а больш за ўсё падняліся цэны на прадукты харчавання.

Важна мець на ўвазе, што ёсць цэны рэгуляваныя і нерэгуляваныя, свабодныя. Свабодныя цэны больш за ўсё выраслі на маянэз (26,7%), масла і тлушчы (20,7%), яйкі курыныя (18,1%). Калі вы не купілі ў 2020-м дыван, то моцна пралічыліся – у гэтым годзе цэны на іх выраслі на 19,6%.

У частцы рэгуляваных цэнаў у топе лекі (з пачатку года яны выраслі на 21,1%), паліва (17,7%), гарадскі транспарт (15,8%) і тытунёвая прадукцыя (12,3%).

Атрымліваецца, што ў першую чаргу сярод рэгуляваных цэнаў выраслі тыя, якія належаць да тавараў або паслуг, ад якіх беларусы і адмовіцца проста так не могуць і набываюць часта. Магчыма таму ў многіх паўстала адчуванне, што агульны рост коштаў апынуўся значна вышэй, чым агучаныя Нацбанкам 10%.

Варта адзначыць, што на самай справе інфляцыя магла быць яшчэ вышэй. Можна ўспомніць, як нядаўна цэны на свае паслугі збіраліся павышаць мабільныя аператары: спачатку пра гэта абвясцілі ў А1, потым у МТС. Але ў нейкі момант нечакана яны ўсе здалі назад.

Мяркуючы па ўсім, аператары адмовіліся ад сваёй задумы пасля таго, як ім мякка, але настойліва «параілі не нагнятаць», разумеючы, што іх павышэнне коштаў адназначна разгоніць інфляцыю яшчэ хутчэй. У выніку на цяперашні момант паслугі сувязі падаражэлі ўсяго на 4%.