Прыбытак упаў у 37 разоў. Як жывуць прамысловыя рэгіёны Беларусі

У буйных прамысловых рэгіёнах Беларусі заўважны рост даўгоў і падзенне прыбытку.

Радыё Свабода паглядзела на афіцыйную статыстыку.


Салігорскі раён

Адзін з самых багатых рэгіёнаў Беларусі, тут здабываюць калійную соль, а сярэдні заробак на 42% вышэйшы, чым агулам па Мінскай вобласці. Чысты прыбытак арганізацый рэгіёну за студзень-верасень у параўнанні з мінулым годам скараціўся ў 4 разы: з 1 мільярда рублёў да 265 мільёнаў. Пра гэта кажа свежая статыстыка ад Белстату. Упала рэнтабельнасць продажаў: з 23,6% да 11,4%. Экспарт скараціўся на 22%.

fota_www.lider_press.by.jpg


Жлобінскі раён

У Жлобіне — Беларускі металургічны камбінат, адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Чысты прыбытак у гэтым годзе вырас да 10,7 мільёна рублёў за восем месяцаў, у мінулым годзе прыбытак быў мінусавы. Засталася мінусавай рэнтабельнасць продажаў — мінус 0,5%, колькасць стратных арганізацый засталася на ранейшым узроўні — 11,6%.

На 57 мільёнаў вырасла запазычанасць па пратэрмінаваных крэдытах, цяпер рэгіён вінен 394 мільёны. Гэты сумарны доўг у 38 разоў большы, чым прыбытак за 8 месяцаў гэтага году.

b65349be_11a6_4141_aa49_2ff76a8777ff_w650_r0_s.jpg


Гомель

У Гомелі знаходзіцца Гомсельмаш, буйны вытворца камбайнаў. Чысты прыбытак за студзень-верасень у горадзе ўпаў у 6,8 раза ў параўнанні з такім жа перыядам летась. Арганізацыі гораду зарабілі 71,7 мільёна рублёў.

На 4% вырасла доля стратных арганізацый, цяпер такіх 14,8%. Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах вырасла на 18 мільёнаў. На траціну знізіўся экспарт прадукцыі.

b0dba37f_92be_430f_ba6c_25689e654d2b_w650_r0_s.jpg


Жодзіна

У Жодзіне — буйны вытворца кар’ерных самазвалаў БелАЗ. Прыбытак гораду за восем месяцаў гэтага году ў параўнанні з такім жа перыядам летась упаў у 37 разоў. Усе арганізацыі гораду за 8 месяцаў зарабілі толькі 5,8 мільёна рублёў.

Рэнтабельнасць продажаў знізілася на 6% і цяпер складае 13,3%. Доля стратных арганізацый вырасла ўтрая, цяпер такіх 41%. Экспарт упаў на 57%.


Мінск

У беларускай сталіцы працуюць адразу некалькі буйных прадпрыемстваў: МАЗ, МТЗ, МЗКЦ ды іншыя. За 8 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі сталіцы зарабілі 1,7 мільярда рублёў. Гэта менш, чым летась, у 1,4 разы.

Стала больш стратных арганізацый, іх доля вырасла з 18,5% летась да 24,2% у гэтым годзе. Вырасла запазычанасць арганізацый па пратэрмінаваных крэдытах, агулам на 396 мільёнаў рублёў. Арганізацыі вінныя па пратэрмінаваных крэдытах ужо 1,5 мільярда рублёў, што "толькі" на 200 мільёнаў больш, чым прыбытак за 8 месяцаў.