«Размарозка» цэн. Улады хочуць яшчэ больш паслабіць пастанову аб рэгуляванні коштаў

Папулісцкія захады ўлад па забароне росту цэн трашчаць па швах. 

_hroszy___zycce___infljacyja__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Па выніках сустрэчы 21 снежня намесніка кіраўніка МАРГ Андрэя Картуна з прадстаўнікамі Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) стала вядома, што плануецца скараціць спіс тавараў і паслуг, кошты на якія рэгулюцца дзяржаўнымі органамі.

Як паведамляе РСПП, пасля размовы з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці Картун паведаміў, што «разглядаецца істотнае скарачэнне пераліку рэгуляваных пазіцый, а для шэрагу тавараў — павелічэнне гранічнага памеру надбавак».

Нагадаем, як развіваліся падзеі са спробамі зарабаніць цэнам расці. Спачатку, 6 кастрычніка, Лукашэнка правёў гучную нараду, падчас якой «імем рэвалюцыі» забараніў вытворцам і гандлярам павышаць кошты пад пагрозай крымінальнага пераследу.

У хуткім часе ён падпісаў адмысловую дырэктыву, а чыноўнікі і дэпутаты пачалі ладзіць інспекцыі па крамах, занатоўваць лічбы на цэнніках і выяўляць іх «нахабнае» павелічэнне. Неўзабаве пачаліся затрыманні за «неабгрунтаванае» падвышэнне коштаў і ўзбуджэнне крымінальных спраў.

19 кастрычніка, зразумеўшы, што законы эканомікі нельга адмяніць указамі і дырэктывамі, чыноўнікі ўключылі заднюю. Цэны павышаць дазволілі, але толькі па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі. Потым склалі дадатковы спіс тавараў, кошты на якія рэгуляванню не падлягаюць. Цяпер вось гэты спіс плануецца пашырыць. Выглядае, што пустых паліц у беларускіх крамах не будзе, але цэны будуць расці, бо інфляцыю ніхто не адмяняў.